У Бараўлянах працягваюць нішчыць дрэвы, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў

Гэтым разам жыхары пасёлка Вопытны сталі сведкамі вырубкі дрэваў уздоўж вуліцы Падлесная.
Фота прадастаўлена Дзмітрыем Ляўчуком

Фота прадастаўлена Дзмітрыем Ляўчуком

Як паведаміў «Новаму Часу» мясцовы жыхар Дзмітрый Ляўчук, першага кастрычніка субпадрадчык Зелянбуд расчышчаў маршрут для пракладкі сілавога кабеля, прызначанага для новай кацельні ў вёсцы Бараўляны. Пільныя жыхары збегліся на шум бензапіл і спынілі работы да высвятлення абставінаў. Да месца высечкі даволі аператыўна прыехалі прадстаўнікі генпадрадчыка і старшыня Бараўлянскага сельсавета. Са слоў Верабей Ж. А. жыхары даведаліся, што рэканструкцыя кацельні з устаноўкай катлоў на мясцовых відах паліва вядзецца за кошт сродкаў Сусветнага банка, таму ў законнасці работ сумнявацца не варта.

Фота прадастаўлена Дзмітрыем Ляўчуком

Паводле Ведамасці выдаляных дрэў і кустоў, выдаленню падлягала 123 дрэва і 15 кустоў. У выніку былі па-варварску знішчаны нават хвоі, пасаджаныя ў якасці азелянення і добраўпарадкавання мясцовымі жыхарамі ўздоўж сваіх домаўладанняў (каля 1 м ад плота). Калі б жыхары пра гэта ведалі загадзя, то змаглі б беражліва перасадзіць іх, зазначыў Дзмітрый Ляўчук.

Фота прадастаўлены Дзмітрыем Ляўчуком

«Па законе павінны быць кампенсацыйныя пасадкі, але да чаго потым яны, калі з практыкі большая палова дрэў не прыжываецца. А жывое — бяздумна выдаляем», — лічыць ён.

Фота прадастаўлена Дзмітрыем Ляўчуком

Фота прадастаўлена Дзмітрыем Ляўчуком


Ні Мінрайвыканкам, ні Бараўлянскі выканкам, якія ўзгаднілі працы, не палічылі патрэбным папярэдзіць аб маючых адбыцца працах ні Орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пасёлка Вопытны, ні жыхароў.

«На жаль, усе прыгожыя лозунгі пра малую радзіму і неабходнасці мясцовага самакіравання застаюцца толькі на паперы. Больш за тое, мы назіраем працяг ператварэння Бараўлян у «спальнік» Мінска, калі масава будуецца камерцыйнае жыллё ў шкоду сацыяльным аб'ектам, якіх ужо катастрафічна не хапае ў раёне», — падсумоўвае Дзмітрый Ляўчук.

Фота прадастаўлена Дзмітрыем Ляўчуком

Фота прадастаўлена Дзмітрыем Ляўчуком

Нагадаем, у Бараўлянах з 2017 года ўлады спрабуюць вырубіць пяць гектараў лесу нібыта для будоўлі дзіцячага садка і школы. Аднак мясцовыя жыхары просяць пакінуць ім лес, які стаў улюбёным месцам адпачынку. У абарону лесу, у якім, дарэчы, жыве некалькі відаў чырвонакніжнікаў, яны сабралі больш за 6 500 подпісаў. Пастаянна пішуцца звароты і вядуцца перамовы з мясцовымі ўладамі, а нядаўна, цалкам уласнымі сіламі, актывісты арганізавалі свята ў пасёлку на ўскрайку таго самага лесу, каб прыцягнуць увагу да праблемы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!