У Бараўлянах пракаментавалі фота чэргаў у анкацэнтры

Прадстаўнікі анкалагічнага цэнтра і Міністэрства аховы здароўя пракаментавалі інфармацыю, якая з'явілася нядаўна ў «Фэйсбуку» з фатаграфяй чэргаў у паліклініцы ў Бараўлянах, а таксама распавялі, за які час там можна прайсці абследаванне.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Сяргей Красны пракаментаваў фота, якое з'явілася не так даўно ў інтэрнэце і на якім адлюстраваны вялікія чэргі ў паліклініцы пры анкацэнтры.

Ён сказаў, што гэтая інфармацыя мае перадузяты характар. На фота калідор на другім паверсе, дзе знаходзяцца пацыенты, якія чакаюць прыёму лекара. Тут больш за 20 розных кабінетаў, каля кожнага — па два-тры чалавекі разам са сваякамі. Прыводзілася інфармацыя, што такая колькасць хворых стаіць у адной чарзе.

«У дзень у гэта паліклінічнае аддзяленне прыходзіць каля 1 тысячы чалавек, і мы спраўляемся. У той жа час важна разумець, што пацыент анкалагічнага профілю імкнецца патрапіць у рэспубліканскі цэнтр. І мы заўсёды ідзем насустрач, гатовыя працаваць кругласутачна», — сказаў Сяргей Красны.

Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан кажа, што новы паліклінічны корпус адкрыты ў снежні 2016 года. У плане абсталявання паліклініка лепшая ў краіне. Там самыя сучасныя аддзяленне УГД, эндаскапічнае аддзяленне, аддзяленне хірургіі аднаго дня, новыя апараты экспертнага класа.

Па словах Алены Багдан, пры адкрыцці паліклінікі ставілася канкрэтная задача — пацыент, які звярнуўся туды, за адзін дзень павінен атрымаць усю неабходную дапамогу. Асабліва важна гэта для людзей з рэгіёнаў, паколькі ім не трэба будзе прыязджаць паўторна для амбулаторных даследаванняў, верыфікацыі дыягназу. У будынку размешчана аддзяленне амбулаторнай хірургіі. Гэта дазваляе ў дзень, калі прыехаў пацыент, без шпіталізацыі, ня адпраўляючы яго дадому для падрыхтоўкі да аперацыі, выканаць біяпсію пухліны, нейкія аператыўныя ўмяшанні.

Тут жа размешчана аддзяленне амбулаторнай хіміятэрапіі, якое працуе ў некалькі змен для зручнасці пацыентаў. Наведвальнікі бліжэйшых раёнаў не шпіталізуюцца, а, атрымаўшы неабходную дапамогу, нейкі час пасля выканання хіміятэрапіі праводзяць тут. Адміністрацыя цэнтра прадугледзела спецыяльнае памяшканне, у якім могуць знаходзіцца пацыенты, якія чакаюць свайго транспарту. Больш за тое, ёсць мноства сітуацый, калі неабходныя кансультацыі вузкіх спецыялістаў.

«Кіраўніцтва цэнтра ў дадзеным выпадку таксама пайшло насустрач, забяспечыўшы кансультацыі эндакрынолагаў, анкагінеколагаў, анкаўралогіі, неўролагаў, практолагаў і іншых спецыялістаў. Пацыент у той жа дзень, перайшоўшы з кабінета ў кабінет да іншага спецыяліста, можа атрымаць гэтую комплексную дапамогу», — сказала Алена Богдан.


Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: