У БДУІР — сур’ёзная сітуацыя з COVID-19, студэнты масава хварэюць

Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) цяжка перажывае пандэмію каронавіруса. Нядаўна ад COVID-19 памёр загадчык кафедры інжынернай псіхалогіі і эрганомікі Канстанцін Яшын. Тэлеграм-канал «Мірны БДУІР» піша, што ён захварэў у канцы снежня, сышоў на бальнічны, але хвароба прыняла цяжкую форму.


Смерць загадчыка кафедры Еўрарадыё пацвердзілі супрацоўнікі ўніверсітэта. Яны кажуць, што з лета, калі стала набіраць сілу другая хваля пандэміі, у ВНУ памерла некалькі выкладчыкаў.

«Хтосьці ад інсульту, але быў з кавідам. Яшчэ — з анкалогіяй, але там таксама мог быць каранавірус», — расказала нам крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

У шэрагу супрацоўнікаў БДУІР ахвярамі каронавіруса сталі сваякі. Студэнты таксама шмат хварэюць. Але інфармацыі пра смяротныя вынікі пакуль няма.

«Найгоршая сітуацыя на ФІТУ (факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання). Дэкан кавід адмаўляе, таму студэнтаў не адпускалі нават на каранцін. У некаторых групах больш чым палова хварэла, а астатнія прыходзілі на пары, таму што іх правяралі кожны дзень», — распавядае яшчэ адна крыніца ў ВНУ.

На «дыстанцыёнку» не адпускалі і на іншых факультэтах універсітэта. Рэктарат у сітуацыю, сцвярджаюць крыніцы, не ўмешваецца.

«Калі ў групе быў хворы — нават тады адміністрацыя не адпускала групу на дыстанцыйнае навучанне. Выкладчыкі з прыкметамі кавіду ходзяць на працу. Але затое бескарысны (на фоне гэтага ўсяго) масачны рэжым яны ўвялі», — наракае адзін з суразмоўцаў.

У цэлым размах пандэміі ў ВНУ суразмоўцам ацаніць цяжка, але яны сцвярджаюць: сітуацыя сур’ёзная.

На сайце ВНУ можна знайсці таксама спачуванні ў сувязі са смерцю дацэнта кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій Уладзіміра Урадава. У канцы снежня не стала і дацэнта кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій Ліліі Глухавой. У абодвух выпадках прычыны смерці не называюцца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: