У Беларусь адправілі новыя расійскія лекі супраць COVID-19

Расія пачала экспарт прэпарата авіфавір для лячэння каронавіруса ў Беларусь. Пра гэта паведамляюць Расійскі фонд прамых інвестыцый (РФПІ) і група кампаній «ХімРар».
«Пастаўкі прэпарата ў чэрвені былі ажыццёўлены ў 35 рэгіёнаў па ўсёй Расіі, а таксама ў Рэспубліку Беларусь. У бліжэйшы час пастаўкі авіфавіра таксама будуць ажыццёўлены ў Рэспубліку Казахстан, пра што ўжо дасягнуты дамоўленасці», — гаворыцца ў паведамленні.

«Авіфавір з'яўляецца адным з самых эфектыўных у свеце прэпаратаў супраць каронавіруса і дэманструе лепшыя вынікі ў параўнанні з канкурэнтамі, у тым ліку і амерыканскім прэпаратам рэмдзесівір ад кампаніі Gilead Sciences», — заявіў генеральны дырэктар Расійскага фонду прамых інвестыцый (РФПІ) Кірыл Дзмітрыеў.

Расійскі фонд прамых інвестыцый заявіў, што ў ліпені плануецца вырабіць прэпарата для больш як на 100 тысяч курсаў лячэння. Сумесная вытворчасць з прыватнымі кампаніямі дазволіць павялічыць вытворчасць у тры разы: «Каб задаволіць попыт як унутры краіны, так і за мяжой».

Нагадаем, 19 чэрвеня падчас тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у ліку іншага зайшла гаворка аб барацьбе з пандэміяй каронавіруса.

«У прыватнасці, Уладзімір Пуцін распавёў аб новых леках, якія ў Расіі атрымалі на аснове японскіх прэпаратаў. Як было адзначана, гэты прэпарат эфектыўны і ўжо добра працуе. У сувязі з гэтым Уладзімір Пуцін прапанаваў пры неабходнасці ў патрэбным аб'ёме скарыстацца гэтым прэпаратам у Беларусі», — гаварылася ў паведамленні.

Пазней Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым і нагадаў, што Уладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі новыя лекі, якія апрабаваны ў Расіі і паказалі эфектыўнасць.

— Мы, праўда, японскім аналагам карыстаемся, але ў вас яны ўдасканалены, — распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка сказаў, што ўжо даручыў Міністэрству аховы здароўя ажыццявіць пастаўкі з Расіі гэтых лекаў і паспрабаваць у лячэнні.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: