У Беларусь прыехала група ICAO па расследаванні інцыдэнту з рэйсам «Ryanair»

Сёння адбылася рабочая нарада з прадстаўнікамі групы ICAO па расследаванні фактаў пасадкі самалёта «Boeing-737» авіякампаніі «RyanAir» у Нацыянальным аэрапорце Мінск. У нарадзе ўдзельнічалі міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Арцём Сікорскі, міжведамасная камісія Беларусі, а таксама кіраўнікі авіяцыйных арганізацый.
mintrans.gov.by

mintrans.gov.by


Аляксей Аўраменка адзначыў, што Беларусь забяспечыць доступ да ўсіх матэрыялаў і інфармацыі для аб'ектыўнага расследавання абставін інцыдэнту.

«Неабходна зрабіць усё, каб грамадзяне нашых краін, як і было раней, маглі свабодна падарожнічаць у еўраазіяцкім рэгіёне па зручных ім маршрутах і на авіярэйсах любых авіякампаній. Глыбока ўпэўнены, што толькі дзеля гэтага палітыка павінна быць пастаўлена на другі план», — падкрэсліў міністр.

Арцём Сікорскі паведаміў, што авіяцыйныя ўлады Беларусі адкрытыя для дыялогу і гатовыя аказаць усебаковую дапамогу экспертам.

Кіраўнік групы ICAO спадар Сільвен Ляфоер запэўніў, што праца экспертаў будзе праходзіць у абстаноўцы адкрытасці і аб'ектыўнасці.

«Дзякуючы папярэдняй працы мы змаглі атрымаць агульную карціну падзей. Цяпер нам трэба ўдакладніць шэраг фактаў, а таксама сабраць дадатковую інфармацыю і матэрыялы», — адзначыў ён.

У план працы групы ICAO у тым ліку ўваходзяць выезды ў авіяцыйныя арганізацыі і правядзенне сустрэч з персаналам.

Па выніках візіту камісія ўнясе змены ў папярэднюю справаздачу, якую плануецца падрыхтаваць у верасні 2021 года. Выніковую справаздачу прадставяць да лістапада бягучага года.

Нагадаем, рэйс авіякампаніі «Ryanair» «Афіны — Вільня» быў прымусова пасаджаны ў Мінску 23 траўня. На борце знаходзіліся апазіцыйны беларускі журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега. Абодвух затрымаі і змясцілі ў СІЗА КДБ.  Цяпер яны пад хатнім арыштам. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: