У Беларусь вяртаюцца пералётныя птушкі. Нясуць нам вясну

Нягледзячы на марозную і снежную зіму, на выходных 20 і 21 лютага на поўдні і захадзе краіны заўважаныя першыя мігранты, распавяла Ахова птушак Бацькаўшчыны.
Шэрыя гусі, фота Дзмітрыя ВІнчэўскага

Шэрыя гусі, фота Дзмітрыя ВІнчэўскага

— У параўнанні з надзвычай цёплай і амаль бясснежнай мінулай зімой, птушкі пачалі вяртацца да нас прыкладна на тры тыдні пазней, — заўважыў сябра АПБ, рэдактар сайта “Птушкі штодня” Дзмітры Вінчэўскі. — Але ў тым, што разам з цёплым паветрам колькасць і разнастайнасць мігрантаў будзе толькі павялічвацца, сумненняў няма.

Якія пералётныя птушкі ўжо вярнуліся?


У суботу ў Бярозаўскім раёне пад Белаазёрскам Андрэй Барадзін адзначыў першых сёлета для нашай краіны шэрых гусей, а ў нядзелю бліжэй да Бярозы Сяргей Бобель убачыў першых сёлета кнігавак.

Кнігаўка, фота Дзмітрыя ВІнчэўскага

Кнігаўка, фота Дзмітрыя ВІнчэўскага

Шэрых гусей заўважылі ў нядзелю і над Гродна: пяць гэтых птушак ляцелі ўздоўж Нёмана ў бок Літвы, іх сфатаграфаваў Дзмітры Вінчэўскі. Аляксандр Мініч пачуў і ўбачыў двух палявых жаўрукоў пад Брэстам.

Гэта так званыя бліжнія мігранты, якія зімуюць у Паўднёвай, Заходняй і нават у Цэнтральнай Еўропе. Часткова бліжнія мігранты застаюцца зімаваць і ў нас. Сярод такіх птушак шэрыя і вялікія белыя чаплі, вялікія бакланы, лыскі, вадзяныя пастушкі і чаротніцы, чорныя дразды, канюхі-мышаловы, крапіўнікі і зімародкі.
Лыска, Нёман у межах Гродна, люты 2021 г., Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

Лыска, Нёман у межах Гродна, люты 2021 г., Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

— Напрыклад, звычайныя шпакі, яшчэ да нядаўняга часу лічыліся вестунамі вясны, нават сёлета адзначаліся на зімоўцы практычна па ўсёй Беларусі, і адрозніць птушак, што зімавалі ў нас, ад тых, што прыляцяць першымі, наўрад ці магчыма, — кажа Дзмітры Вінчэўскі. — А вось кнігаўкі зімуюць у Заходняй Еўропе, і таму няма сумневаў, што мы бачым тых птушак, якія не зімавалі недзе побач у Беларусі. Шэрыя гусі таксама бліжнія мігранты. Яны зімуюць у Польшчы, а апошнія зімы ў невялікай колькасці і ў нашай краіне, але гэтай зімой пасля моцных і працяглых маразоў усе яны былі вымушаныя пераляцець ад нас на захад.

Інакш сябе паводзяць дальнія мігранты, якія вяртаюцца вясной прыкладна ў тыя самыя тэрміны. Рэч у тым, што гэтыя віды адлятаюць ад нас зімаваць у субтропікі, тропікі і за экватар, таму яны зусім не ведаюць, якое тут надвор’е. Белыя буслы і арляцы ўжо вылецелі з Паўднёвай Афрыкі, каб у сакавіку на Радзіме ўжо займаць леташнія гнёзды. І хаця іх вяртанне штогод праз глабальнае пацяпленне таксама пастаянна прыспешваецца, тым не менш, вялікіх ваганняў па часе прылёта першых асобін няма. Змены клімату дрэнна адбіваецца на выжыванні птушанят дальніх мігрантаў, бо расліны і насякомыя ў пачатку вясны развіваюцца раней і пік колькасці смачнай ежы птушаняты прапускаюць. Да дальніх мігрантаў адносяцца зязюля, чорны свіргуль, многія віды нашых кулікоў і некаторыя віды качак, балотны і поплаўны луні і шматлікія віды вераб’іных, звычайна насякомаедныя: усходні салавей, лескі, ластаўкі, валасяніцы.

Шмат снегу хутчэй за ўсё азначае высокую ваду на беларускіх рэчках, а вялікія разлівы абяцаюць цікавую для назіранняў міграцыі птушак вясну. Сачыце за небам і заносьце назіранні першых прылётаў птушак-мігрантаў на сайт “Птушкі штодня”.

А першых белых буслоў у сваёй мясцовасці, калі ласка, занясіце на міжнародны сайт www.springalive.net.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: