У Беларусі 10 тысяч тон пратэрмінаваных пестыцыдаў, для іх перапрацоўкі пабудуюць завод

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандар Корбут паведаміў, што перапрацоўчы завод для нявыкарыстаных у сельскай гаспадарцы пестыцыдаў плануюць пабудаваць у Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці, перадае svaboda.org.

Аляксандар Корбут сказаў, што завод збіраюцца пабудаваць вельмі хутка, каб прадпрыемства запрацавала ўжо ў 2019 годзе. Тут будзе сучаснае абсталяванне, на якое выдзелена 3,5 мільёна долараў.

Усяго ў Беларусі 10 тысяч тон старых пестыцыдаў; часткова яны складзеныя ў сховішчах, часткова закапаныя ў шасці магільніках, паведаміў Корбут. Мяркуецца, што ўсе магільнікі пестыцыдаў будуць ліквідаваныя да 2022 году.

Прычына — безгаспадарчасць

Эксперт у галіне сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук лічыць, што насамрэч нявыкарыстаных пестыцыдаў яшчэ болей:

«10 тысяч тон — гэта толькі ўлічаныя. А колькі іх раскідана ў лясах, дакладна ніхто не ведае».

Аляксандар Ярашук назваў Свабодзе дзве галоўныя прычыны, чаму ў Беларусі засталося шмат нявыкарыстаных пестыцыдаў:

«Першая — гэта агульная безгаспадарнасць аграрыяў. Другая — пасля заканчэння тэрміну ўжывання пестыцыды адразу страчваюць свой карысны эфект. Таму карыстацца імі пазней тэрміну няма ніякага сэнсу».

Ярашук кажа, што дакладна падлічыць грошы, змарнаваныя на нявыкарыстаныя пестыцыды, немагчыма.

«Гэта тлумачыцца тым, што колькасць розных пестыцыдаў ідзе на сотні. Таму і цэнавы дыяпазон тут вельмі вялікі», — кажа Ярашук.

Пестыцыды — хімічныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін, а таксама з рознымі паразітамі, пустазеллем.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!