У Беларусі +11 новых палітвязняў

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек. Сумесная заява праваабарончых арганізацый размешчаная на сайце "Вясны".



Як паведамляецца, спіс палітычных зняволеных папоўнілі Сяргей Крыўчэня, Арцём Мядзведскі, Яўген Курганоў і Дзмітрый Жабуртовіч, якім прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 293 КК (масавыя беспарадкі), а таксама Мікалай Дзядок, Аляксей Самусенка, Кім Самусенка, Павел Дрозд і журналісткі тэлеканала "Белсат" Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар'я Чульцова якія абвінавачваюцца па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), журналістка партала TUT.BY Кацярына Барысевіч, якая абвінавачваецца па ч. 3 арт. 178 КК (раскрыццё медыцынскай таямніцы. Таксама Кім Самусенка і Павел Дрозд праходзяць па артыкуле 349 КК (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі).

Такім чынам, у Беларусі палітвязнямі прызнаныя 143 чалавека.

Праваабаронцы яшчэ раз адзначылі, што пратэсныя акцыі ў Беларусі насілі стыхійны характар і не мелі арганізатараў, а былі выкліканыя недаверам насельніцтва да афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і былі мірнымі. На іх думку, дзеянні пратэстоўцаў не могуць разглядацца як масавыя беспарадкі, бо пры гэтым не было падпалаў, пагромаў, знішчэння маёмасці або ўзброенага супраціву, а асобныя выпадкі гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў варта разглядаць з улікам абставінаў, у тым ліку і ў кантэксце самаабароны ад непрапарцыйных дзеянняў сілавікоў.

Да заявы, у якой утрымліваецца патрабаванне вызвалення як названых васьмярых чалавек, так і ўсіх грамадзян, прызнаных палітвязнямі, далучыліся восем беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр "Вясна", "Прававая ініцыятыва", "Хьюман канстанта", Беларускі Хельсінкскі Камітэт.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: