У Беларусі абвясцілі птушку 2019 года

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» абвясціла птушку 2019 года, якая прыйдзе на змену сёлетняму крылатаму сімвалу – чорнагаловаму шчыгелу. Наступны год пройдзе пад знакам вялікага арляца.
ptushki.org

ptushki.org

Вялікі арлец – адна з самых рэдкіх драпежных птушак Еўропы, ёй пагражае глабальнае знікненне. Адна з найбольшых яе папуляцый у свеце гняздуецца ў Беларусі. 120-150 пар гэтых птушак жыве ў нашых лясах – гэта больш, чым ва ўсім Еўрасаюзе. Гэтыя арляцы любяць глухія мясціны на балотах і ля балот, вельмі баяцца турбавання чалавекам.

Валер Дамброўскі, кандыдат біялагічных навук, каардынатар праекта АПБ па ахове вялікага арляца:

«Вялікаму арляцу пагражае шмат фактараў: знікненне нізінных балот — галоўных месцаў пражывання гэтай птушкі, турбаванне з боку чалавека ў гнездавы перыяд (калі нехта ў гэты час будзе хадзіць пад гняздом, вялікі арлец яго пакіне). Будаўніцтва дарог на Альманскіх балотах, збор ягад на гнездавых участках — гэта ўсё негатыўныя фактары. Таксама пагрозу нясе памяншэнне разнастайнасці відаў ахвяр у месцах палявання арляца — кулікоў, пастушковых, качак. Гэта агульная тэндэнцыя па ўсім Палессі».

Для таго, каб захаваць папуляцыю вялікага арляца ў Беларусі, АПБ ужо некалькі гадоў праводзіць акцыю «Выратуй арляня!», грошы на якую сабіралі краўдфандынгам. У межах акцыі ладзяцца экспедыцыі па пошуку гнёздаў гэтых птушак, каб потым аддаць гэтыя ўчасткі пад ахову, інспектуюцца вядомыя гнёзды, каб папярэдзіць шкоду для арляцоў ці пакараць парушальніка. Штогод пасля лістапада валанцёры АПБ бяруць удзел у пошуках гнёзд на новых гнездавых участках.

Вялікія арляцы ўжо адляцелі на поўдзень. Летась спецыялісты АПБ прымацавалі перадатчыкі на 8 арляцоў. За іх міграцыяй і перамяшчэннямі на зімоўцы ў Грэцыі і Афрыцы можна сачыць на карце.

Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі, іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь наступны год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя вялікаму арляцу, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці.

Паводле прэс-рэлізу


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: