У Беларусі адзначаюць Радаўніцу

У Беларусі сёння адзначаюць Радаўніцу — свята, звязанае з культам продкаў, якое сягае каранямі ў язычніцтва ўсходніх славян. У гэты дзень праваслаўныя наведваюць могілкі, моляцца аб супакоі душ сваіх блізкіх і дзеляцца з імі радасцю аб уваскрэсенні Хрыста.


Паводле традыцыі напярэдадні Радаўніцы гатавалі стравы для памінання на могілках, прычым колькасць страў павінна была быць няцотнай. Усё прыгатаванае складвалі ў вялікую палатняную хустку, туды ж дадавалі асвечаныя на Вялікдзень фарбаваныя яйкі. Раніцай людзі ішлі ў царкву, паміналі блізкіх, а пасля абеду адпраўляліся на могілкі. Жанчынам над магіламі належала галасіць, а мужчыны каталі асвячонае велікоднае яйка са словамі "Хрыстос уваскрэс". Затым усе моўчкі рассаджваліся вакол магілы і даставалі стравы. Урачыстая трапеза пачыналася з запрашэння нябожчыка. Пасля трапезы крыху ежы і пітва пакідалі для памерлых, астатняе раздавалі жабракам.

У сучаснай Беларусі Радаўніца з'яўляецца непрацоўным днём. У Мінску сёння значна павялічаная колькасць аўтобусаў, якія ідуць на могілкі ў Міханавічы, Калодзішчы, Чыжоўку, а таксама на Паўночныя і Заходнія могілкі.

У ахове грамадскага парадку задзейнічаныя дадатковыя сілы і сродкі ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў, унутраных войскаў і ўстаноў адукацыі МУС. Асабісты склад пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Асаблівую ўвагу супрацоўнікі міліцыі надаюць асабістай, маёмаснай і дарожнай бяспецы, а таксама захаванню правапарадку на могілках.

Марына Носава, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: