У Беларусі чатыры чалавекі чакаюць выканання смяротнага прысуду

10 кастрычніка — Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Беларусь — адзіная краіна Еўропы, дзе такая вышэйшая мера пакарання ўсё яшчэ ўжываецца.
Naviny.by
разам з праваабаронцамі ўспомнілі, хто цяпер чакае выканання прысуду ў камеры смяротнікаў.

«Чатыры чалавекі цяпер сядзяць у калідоры смяротнікаў на Валадарскага (СІЗА № 1 у Мінску. — рэд.). Прысуды ўступілі ў законную сілу, значыць, яны могуць быць прыведзены ў выкананне ў любы момант», — кажа праваабаронца Андрэй Палуда.

Справа «чорных рыэлтараў»


Ігар Гершанкоў і Сямён Беражной прысуджаныя да вышэйшай меры пакарання па гучнай справе «чорных рыэлтараў» у Магілёве. 
Фігуранты справы «чорных рыэлтараў» у судзе. Фота БелаПАН

Фігуранты справы «чорных рыэлтараў» у судзе. Фота БелаПАН

Следства выявіла, што Гершанкоў і Беражной былі ўдзельнікамі групы, якая ў 2009—2015 гадах знаходзіла асацыяльных гараджан, пераконвала прадаць іх свае кватэры, пасля чаго былых уладальнікаў жылплошчы забівалі.

На судзе агучваліся страшныя падрабязнасці гэтых забойстваў, накшталт той, што некаторых ахвяр, верагодна, закопвалі яшчэ жывымі. У апошнім слове на судзе фігуранты справы сцвярджалі, што нікога не забівалі і што падчас следства да іх ужываўся фізічны гвалт.

Ігару Гершанкову на момант вынясення прысуду было 35 гадоў, у яго сярэдняя спецыяльная адукацыя, жанаты, мае двух дзяцей. Да гучнай справы быў судзімы тройчы. Сямёну Беражному на момант вынясення прысуду было 30 гадоў, ёсць жонка і сын.

Іншыя двое фігурантаў гэтай справы атрымалі працяглыя тэрміны зняволення.

Любоўны трохкутнік

«Яшчэ два выпадкі — гэта справа, калі дзяўчына, працаўніца дзіцячага сада, замовіла пабіць чалавека, а заказчыкі здзейснілі забойства. Да гэтага ў іх было яшчэ забойства», — распавядае Андрэй Палуда.
Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка. Фота БелаПАН

Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка. Фота БелаПАН

Гаворка ідзе пра Вячаслава Сухарку і Аляксандра Жыльнікава. 16 снежня 2015 года яны ў кватэры аднаго з дамоў па вуліцы Алібегава ў Мінску забілі двух чалавек — маладога чалавека і яго дзяўчыну. Сухарка і Жыльнікаў павінны былі толькі збіць дзяўчыну, але перастараліся — ахвярам было нанесена больш за 140 удараў нажом.

Заказчыкам выступіла выхавальніца дзіцячага садка Аліна Шульганава. Малады чалавек раней быў яе хлопцам, і яна хацела вярнуць яго сабе. Шульганава атрымала 12 гадоў пазбаўлення волі.

Для Сухаркі і Жыльнікава, як высветлілася, гэта было не першае забойства. Раней у Калодзішчах яны забілі мужчыну, у якога Сухарка здымаў жылплошчу. Чалавек пазбавіўся жыцця з-за дзесяці тысяч долараў.

Суд прысудзіў ім пажыццёвае зняволенне, з чым не пагадзіліся ўсе бакі працэсу. У выніку перагляду справы абодвум была прызначаная найвышэйшая мера.

***

«Калідор смяротнікаў — гэта асаблівае месца ў СІЗА № 1. Па нашай інфармацыі, прысуд прыводзяць у выкананне там жа. Нядаўна Сухарка падчас апеляцыйнага разгляду сваёй справы заявіў, што яго сукамернік Міхаленя расстраляны, што ён чуў усё, што адбываецца», — кажа Андрэй Палуда.

Паводле звестак праваабаронцаў, з 1990 года ў Беларусі да расстрэлу былі прысуджаныя 342 чалавекі. У 2017 годзе смяротнае пакаранне ўжывалася ў 23 краінах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: