У Беларусі да 2031 года з’явіцца сховішча радыеактыўных адходаў

Першая чарга гэтага сховішча будзе пабудаваная да 2031 года, паведаміў сёння першы намеснік начальніка «Дзяржатамнагляда» Леанід Дзедуль.


Праз 10 гадоў у Беларусі будзе ўзведзена першая чарга сховішча радыеактыўных адходаў Беларускай АЭС. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў першы намеснік начальніка «Дзяржатамнагляда» Леанід Дзедуль, піша «Беларускі партызан».

Чыноўнік нагадаў, што стратэгія абыходжання з радыеактыўнымі адходамі Беларускай АЭС прадугледжвае часовае захоўванне нізка- і сярэднеактыўных адходаў на самой пляцоўцы атамнай электрастанцыі на працягу 10 гадоў. Адпрацаваныя цеплавыдзяляльныя зборкі будуць адпраўляцца ў спецыяльны басейн вытрымкі на дзесяць гадоў. У далейшым паліва накіруюць у Расію для перапрацоўкі.

Але і пасля гэтага застануцца радыеактыўныя адходы, якія падлягаюць доўгаму захаванню. У адпаведнасці з заканадаўствам, яны вернуцца назад у нашу краіну. Да таго часу для іх і пабудуюць сховішча. Яго першая чарга павінна быць гатова да 2031 года.

Як паведаміў начальнік аддзела нагляду за бяспекай абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаванымі ядзернымі матэрыяламі «Дзяржатамнагляда» Мікалай Міхайлаў, за 60 гадоў праектнага тэрміну эксплуатацыі Беларускай АЭС будзе ўтворана каля 9 тыс. кубаметраў нізка- і сярэднеактыўных, а таксама прыкладна 60 кубаметраў высокаактыўных адходаў.

«Зараз ідзе выбар пляцоўкі пад будаўніцтва аб’екта. Як толькі стане вядомая прыкладная лакацыя сховішча, пройдуць грамадскія абмеркаванні», — адзначыла начальніца ўпраўлення рэгулявання радыяцыйнай бяспекі «Дзяржатамнагляда» Вікторыя Антонава.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: