У Беларусі могуць забараніць рэкламу ў транспарце і раскідванне рэкламных буклетаў у паштовыя скрыні

Адразу некалькі відаў распаўсюду рэкламы могуць быць забароненыя ў выпадку прыняцця паправак у заканадаўства аб рэкламнай дзейнасці.
Пра гэта БелТА распавёў намеснік старшыні пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Алег Леўшуноў, паведамляе карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».

Апроч забароны на гукавую рэкламу ў грамадскім транспарце мяркуецца таксама забарона на размяшчэнне рэкламы на некаторых відах транспартных сродкаў, у тым ліку на прычэпах, што стаяць асобна. Акрамя таго, у выпадку прыняцця паправак, беларусы змогуць забараніць рэкламадаўцам або распаўсюднікам дастаўку рэкламных буклетаў у свае паштовыя скрыні. Распаўсюджваць рэкламу шляхам сотавай або стацыянарнай тэлефоннай сувязі, а таксама па электроннай пошце можна будзе толькі са згоды абанента або адрасата.

Чакаецца таксама, што ў заканадаўстве будзе больш падрабязна распісана, якой павінна быць рэклама аб працаўладкаванні і вучобе грамадзян за межамі Беларусі. Праектам прадугледжана, што ў мэтах спынення практыкі ўказання не адпаведнай рэчаіснасці заработнай платы, у рэкламе можна будзе ўказваць толькі тыя звесткі, якія пацвярджаюцца дакументальна, напрыклад, утрымліваюцца ў дагаворы аб працаўладкаванні.

Што тычыцца забароны на гукавую рэкламу ў транспарце, то такая рэклама, як паказала абмеркаванне законапраекта, выклікае найбольшае раздражненне беларусаў. Яшчэ 28 студзеня ў Мінтранс і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю грамадзяне накіравалі петыцыю, створаную на сайце «Зручны горад».

«Калі чалавек знаходзіцца ў замкнёнай прасторы і не мае магчымасці выйсці, каб не чуць рэкламу, яна павінна быць забароненая ... Мы аплачваем праезд, але павінны пакутаваць усю паездку», — адзначалі аўтары петыцыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: