У Беларусі пачынаецца цэнтралізаванае тэставанне — абітурыенты здаюць беларускую мову

У аўторак, 11 чэрвеня, у Беларусі пачынаецца цэнтралізаванае тэставанне. Першым выпрабаваннем для абітурыентаў будзе беларуская мова.
Ілюстрацыйнае фота gp.by

Ілюстрацыйнае фота gp.by

Усяго на гэты прадмет запісалася больш за 22 тысячы чалавек.

Сённяшняе выпрабаванне (зрэшты, як і ўсе іншыя) пачнецца ў 11:00.

Нагадаем, калі пройдзе ЦТ па іншых дысцыплінах:

руская мова — 13.06 .;
грамадазнаўства — 15.06 .;
матэматыка — 17.06 .;
біялогія — 19.06 .;
замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — 21.06 .;
хімія — 23.06 .;
фізіка — 25.06 .;
гісторыя Беларусі — 27.06 .;
геаграфія — 29.06 .;
сусветная гісторыя (найноўшы час) — 1.07.

Таксама ўстаноўлены рэзервовыя дні для правядзення выпрабаванняў: 6 і 8 ліпеня па беларускай і рускай мовах і 6 і 10 ліпеня — па астатніх прадметах.

Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе з 30 чэрвеня па 2 ліпеня. Тэставанне ў гэтыя дні правядуць у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Атрымаць сертыфікаты абітурыенты змогуць у пунктах правядзення тэставання з 10 ліпеня, у БДУ (рэзервовыя дні) — з 13 ліпеня.

На ўзровень вышэйшай адукацыі I ступені прыём будуць ажыццяўляць 47 устаноў вышэйшай адукацыі. У гэтым годзе прыём не праводзяць дзве ВНУ: Міжнародны сацыяльна-эканамічны інстытут і прыватны Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва.

На ўзровень вышэйшай адукацыі I ступені плануецца прыняць за кошт сродкаў бюджэту 26,6 тысячы чалавек, што на 0,7% перавышае план прыёму 2018 года. План прыёму на дзённую форму навучання адбыўся за кошт медыцынскіх спецыяльнасцяў і спецыяльнасцяў фізічнай культуры і спорту.

На платнай аснове плануецца прыняць 28,1 тысячы чалавек. Гэта на 1% перавышае леташні план. На дзённай форме колькасць студэнтаў павялічыцца за кошт IT- спецыяльнасцяў і спецыяльнасцяў фізічнай культуры і спорту.

Паводле naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!