У Беларусі пачынаюць выдаваць біяметрычныя пашпарты і ID-карткі. Як іх атрымаць і як гэта зменіць наша жыццё

З 1 верасня ў Беларусі пачнуць прымаць дакументы на афармленне ID-картак і біяметрычных пашпартоў. Як і раней, заявы прымаюць аддзелы па грамадзянстве і міграцыі. Выдаваць новыя дакументы будуць па жаданні, то-бок звыклы папяровы пашпарт таксама будзе дзейнічаць.


Вядома, што ў аддзелах па грамадзянстве і міграцыі ўсталявалі каля 300 апаратаў, пры дапамозе якіх можна атрымаць біяметрычныя звесткі грамадзян, піша «Наша Ніва». Ёсць і мабільныя апараты: калі чалавек па стане здароўя не можа прыйсці ў АГІМ, спецыялісты прыедуць да яго дадому.

Якія біяметрычныя даныя будуць збіраць? Адбіткі пальцаў, фота і асабісты подпіс грамадзяніна. Патрабаванні да фота тыя ж, што і для афармлення звычайнага пашпарта: пажадана выглядаць максімальна натуральна, вушы і бровы павінны быць адкрытыя.

Біяметрычны пашпарт і ID-картка — два розныя дакументы.

ID-картка — гэта пластыкавая картка, на якой з аднаго боку будзе фота ўладальніка, прозвішча, імя і імя па бацьку, асабісты нумар, дата нараджэння, тэрмін дзеяння карткі і яе нумар, асабісты подпіс і значок біяметрыі. На адваротным баку будзе QR-код і чып, на якім захоўваецца ўся персанальная інфармацыя пра ўладальніка, яго біяметрычныя звесткі, доступ да інфармацыі можна атрымаць па PIN-кодзе, таксама да карткі прывязаны электронны подпіс чалавека. Счытаць інфармацыю з карткі дыстанцыйна і без дазволу ўладальніка нельга, сістэма запатрабуе PIN-код.

Біяметрычны пашпарт — гэта невялікая кніжка, такая ж, як і цяперашнія пашпарты, дзе на першай старонцы будуць персанальныя даныя, астатнія старонкі — для віз і штампаў аб перасячэнні мяжы.

За ID-картку трэба заплаціць 1,5 базавай велічыні (на сёння гэта 43,5 рубля), за біяметрычны пашпарт — 2 базавыя велічыні (58 рублёў). Для інвалідаў І і ІІ групы, пенсіянераў і непаўналетніх ёсць ільготы — 1 і 1,5 базавай велічыні адпаведна. Тэрмін вырабу новых дакументаў — 15 дзён, за даплату можна паскорыць працэс — за сем ці нават за пяць дзён. Выдаюцца дакументы па месцы рэгістрацыі, ID-картка будзе дзейнічаць дзесяць гадоў для дарослых і пяць гадоў для дзяцей.

Важна: дакументы новага тыпу выдаюць па жаданні. Гэта значыць, пашпарт старога ўзору працягвае дзейнічаць увесь тэрмін, указаны ў дакуменце. Пры замене можна прасіць вырабіць такі ж. Але калі вы аформіце ID-картку, вярнуцца да звычайнага папяровага пашпарта будзе ўжо немагчыма.

Аднак дзяржаўныя паслугі плануюць паступова прывязаць да дакументаў новага тыпу, каб такім чынам заахвоціць грамадзян усё ж такі аформіць і ID-картку, і біяметрычны пашпарт.

Напрыклад, на памежных пераходах у аэрапортах усталююць абсталяванне для счытвання інфармацыі з пашпарта — уладальнік біяметрычнага дакумента можа не стаяць у чарзе да памежнікаў, працэс будзе аўтаматызаваны.

Уладальнікі ID-карткі атрымаюць электронны лічбавы подпіс, гэта дазволіць атрымліваць паслугі ад дзяржаўных інстытуцый — напрыклад падаць дэкларацыю ў падатковую (зараз электронны ключ выдаюць на флэшцы).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: