«У Беларусі пад пагрозай аказалася большасць правоў чалавека, у тым ліку свабода веравызнання»

Перспектыва паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, у тым ліку са свабодай веравызнання, у Беларусі застаецца неспрыяльнай, гаворыцца ў дакладзе «Свабода веравызнання ў свеце — 2021».


Даклад падрыхтаваны міжнароднай каталіцкай дабрачыннай арганізацыяй «Дапамога царквы ў патрэбе» (ACN). Са снежня 2011 года ACN мае статус папскага дабрачыннага фонду. Афіцыйны цэнтр арганізацыі размяшчаецца ў Ватыкане, міжнародная штаб-кватэра — у Кёнігштайне (Германія).

Як пішуць naviny.online са спасылкай на «БелаПАН», у дакладзе гаворыцца, што «некалькі месяцаў у Беларусі адбываліся палітычныя ўзрушэнні і публічныя дэманстрацыі, пад пагрозай аказалася большасць правоў чалавека, у тым ліку свабода веравызнання».

«Тэндэнцыя да ўзмацнення аўтарытарнага кантролю выклікае сур’ёзныя наступствы для рэлігійных арганізацый краіны, — падкрэсліваецца ў дакуменце. — Прынцып вяршэнства закона ў дачыненні да свабоды веравызнання ўжываецца адвольна, і яго прымяненне па-ранейшаму залежыць ад капрызу ўлад, што часцяком прыводзіць да хаатычных і самавольных дзеянняў супраць розных рэлігійных суполак, у тым ліку праваслаўных».

Беларусь, як адзначаецца ў дакладзе, «заціснутая паміж запытам шырокіх мас на дэмакратыю заходняга ўзору і дзяржаўнымі і міжнароднымі інтарэсамі ў захаванні статус-кво ў рэгіёне». «Як замежныя, так і ўнутраныя гульцы імкнуцца падарваць аўтарытэт Каталіцкага Касцёла і распаліць гістарычныя рознагалоссі паміж праваслаўнымі і каталікамі, каб выклікаць раскол унутры дэманстрантаў, якія сёння ўяўляюць найбольш сур’ёзную пагрозу для дзяржапарату. У такім становішчы перспектывы паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, уключаючы свабоду веравызнання, застаюцца негатыўнымі», — адзначылі ў арганізацыі.

Аўтары даклада канстатуюць, што 2020 год у Беларусі быў «неспакойным і напружаным». Па выніках прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня «Лукашэнка нібыта атрымаў 80% галасоў < ... > супраць 10% за апазіцыйнага кандыдата Святлану Ціханоўскую». Абвешчаныя вынікі выбараў «падвергліся вялікаму сумневу і выклікалі пратэсты па ўсёй краіне».

«Рэлігійныя абшчыны адыгралі важную ролю ў пратэстах апазіцыі, — сцвярджаецца ў дакуменце. — Каталіцкая Царква ў Беларусі выказала падтрымку дэманстрантам. Пасля выбараў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў беларускія ўлады спыніць гвалт, заявіўшы, што кровапраліццё на вуліцах беларускіх гарадоў — “цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і здзяйсняе гвалт”».

Адзначаецца, што Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) «не прадставіў адназначнай пазіцыі» па сітуацыі ў краіне. Хоць царкоўнае кіраўніцтва «падтрымлівае цесныя сувязі з Расіяй і, такім чынам, прызнала вынікі выбараў», яно лічыць за лепшае «прытрымлівацца нейтралітэту падчас дэманстрацый».

«Аднак некаторыя біскупы і многія святары адкрыта заявілі аб сваёй антыўрадавай пазіцыі і падтрымалі дэманстрантаў — гаворыцца ў дакладзе. — З-за наступнага ціску з боку беларускіх вернікаў і, верагодна, знутры ўласнага духавенства БПЦ змяніла пазіцыю. 15 жніўня Сінод БПЦ рашуча асудзіў як рэзкую рэакцыю дзяржавы, так і некаторыя правакацыйныя дзеянні з боку дэманстрантаў. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел раскрытыкаваў жорсткасць улад і наведаў некаторых пацярпелых у бальніцы». Пры гэтым аўтары нагадваюць, што 25 жніўня Святы Сінод РПЦ замяніў Паўла біскупам Барысаўскім і Мар’інагорскім Веніямінам.

Яны адзначаюць, што «многія хрысціяне-пратэстанты далучыліся да дэманстрацый або падтрымалі іх, некаторыя былі арыштаваныя і асуджаныя». 14 жніўня прадстаўнікі суполак пяцідзясятнікаў і харызматаў звярнуліся да ўлад з заклікам спыніць гвалт, вызваліць усіх затрыманых і пачаць мірны дыялог з народам.

У дакладзе згадваецца, што 26 жніўня сілавікі заблакавалі ўваход у касцёл Святых Сымона і Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) «паколькі ўнутры хаваліся дэманстранты і журналісты». Апісваецца гісторыя выгнання арцыбіскупа Кандрусевіча, якога на працягу чатырох месяцаў не ўпускалі на радзіму, яго вяртання, а таксама міжнародны рэзананс.

Згадваюцца інцыдэнты, звязаныя з дзейнасцю рэлігійных груп, якія адбыліся ў Беларусі ў 2018-2020 гадах. У прыватнасці, звяртаецца ўвага на чарговую адмову ўлад зарэгістраваць мінскую суполку пяцідзясятнікаў «Хай будзе воля Твая» ў ліпені 2018 года. На працягу 2019 года, адзначаецца ў дакладзе, улады працягвалі адмаўляць у рэгістрацыі шэрагу пратэстанцкіх суполак, а таксама не дазволілі Саюзу евангельскіх хрысціян-баптыстаў правесці ў Мінску «Міжнародны фестываль надзеі».

У кантэксце праблем Рымска-каталіцкага касцёла ў дакладзе гаворыцца, што ў 2018-2020 гадах было некалькі выпадкаў, калі святарам з Польшчы пад рознымі падставамі не падаўжалі візу, нягледзячы на просьбы беларускіх біскупаў. Епіскапат тады заявіў аб палітыцы дзяржавы, накіраванай на скарачэнне колькасці служачых у Беларусі замежных святароў.

У 2018 годзе адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі неаднаразова адмаўляліся пускаць да зняволеных каталіцкіх святароў і духоўных прадстаўнікоў шэрагу іншых рэлігій і канфесій.

Аўтары даклада таксама звяртаюць увагу на тое, што па-ранейшаму афіцыйна не выдадзены дазвол на будаўніцтва Мінскай тэалагічнай акадэміі імя святога Яна Паўла II, стварэнне якой было ўзгоднена яшчэ ў 2015 годзе.

У ліку інцыдэнтаў, звязаных з юдаізмам, у дакладзе згадваецца пашкоджанне падчас земляных работ некалькіх пахаванняў на былых яўрэйскіх могілках у Мінску ў кастрычніку 2019 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: