У Беларусі пакуль не спрацаваў расійскі варыянт інфармацыйнай вайны

Беларуская дзяржава ў адказ на інфармацыйную палітыку Расіі імкнецца замацаваць пранезалежніцкія настроі ў грамадстве.

cont.ws


Такое меркаванне было агучана падчас VІ Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які праходзіў у Коўна (Літва). Магістр палітычных навук Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага ўніверсітэта Вольга Харламава і аналітык "BSB Blog" Зміцер Міцкевіч у будынку Універсітэта Вітаўта Вялікага прадставілі аналітычны даклад аб дзейнасці расійскіх і прарасійскіх медыя ў Беларусі. Абодва адмыслоўца адзначылі патэнцыйную пагрозу і выклік, звязаныя з іх існаваннем у кантэксце палітычнай напружанасці ў рэгіёне.

Эксперты адзначылі, што з 2000 года афіцыйныя расійскія медыя радыкальна змянілі інфармацыйны фокус. "Расійскія медыя зазналі шмат цэнзуры, пагоршыліся ўмовы для існавання незалежных СМІ, а дзяржаўныя паступова пераўтварыліся ў інструмент распальвання варожай і агрэсіўнай міжнацыянальнай палітыкі расійскай дзяржавы", — адзначыла Вольга Харламава.

Нядаўні досвед Грузіі і Украіны прадэманстраваў, што медыя адыгралі важную ролю ў вядзенні гібрыднай вайны, дэстабілізацыі палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе.

Вольга Харламава звярнула асаблівую ўвагу на акалічнасці ўздзеяння расійскіх медыя ў кантэксце ўкраінскага канфлікту. Цікавасць выклікае тое, што менавіта ў схільных да прарасійскіх ці сепаратысцкіх настрояў рэгіёнах Украіны расійскія тэлеканалы, ці то "Россия 24", ці то РТР або НТВ, мелі найбольшую папулярнасць і аўдыторыю і, адпаведна, займаліся нагнятаннем сацыяльнай напружанасці і падрыхтоўкай масавай свядомасці да патрэбы расійскага ўмяшальніцтва ў справы Украіны.

Што тычыцца беларускіх рэалій, варта адзначыць, што расійскі ўплыў у медыйнай прасторы, безумоўна, мае месца. Паводле дадзеных справаздачы "Медыя ў Беларусі", адразу два тэлевізійных беларуска-расійскіх праекты ўваходзяць у топ-3 самых праглядаемых. Сярод друкаваных СМІ ў топ найбольш чытаных ды папулярных трапляюць зноў два расійскіх выданні з рэдакцыямі ў Беларусі. "Комсомольская правда в Белоруссии" з 33% папулярнасці ды "Аргументы и факты" з 26% адпаведна складаюць канкурэнцыю дзяржаўнай "Советской Белоруссии".

Нельга не браць да ўвагі і актывізацыю інтэрнэт-рэсурсаў, якія наўпрост займаюцца прапагандай альбо маюць фінансаванне з пракрамлёўскіх колаў. Па сваім характары яны адрозныя: ад "культурнага" Sputnіk.by да агрэсіўнага Regnum. Матэрыялы, якія змяшчаюць падобныя парталы, часта нейтральным чынам закранаюць розныя культурныя, сацыяльныя, гарадскія і палітычныя тэмы, але пры гэтым тэндэнцыйна называюць тэрарыстаў з Усходу Украіны "апалчэнцамі" ды адлюстроўваюць афіцыйнае стаўленне Расійскай Федэрацыі па цэлым спектры пытанняў. Эксперты адзначаюць, што вялікай увагай карыстальнікаў сеціва падобныя прадукты не маюць і месцяцца выключна ў "маргінальных закладках".

Эксперты адзначылі, што на фоне "расійскага інфармацыйнага ўплыву" нарэшце пачаўся рост "мяккай беларусізацыі". Пасля 2014 года ў дзяржаўных медыя і структурах пачынае з’яўляцца беларуская аўтэнтычная сімволіка, усё часцей вядзецца пранезалежніцкая рыторыка, абмяжоўваецца дзейнасць і трансляцыя расійскіх медыя. Прыкладам таму эксперты прыводзяць сёлетні прэцэдэнт забароны трансляцыі перадач тэлеканала "Россия 24" на запраўках "Unіted Company" ды правядзенне афіцыйных дзён вышыванкі.

"Нягледзячы на ўкладанне вялікіх высілкаў і сродкаў, мы можам канстатаваць, што расійскі медыйны ўплыў пакуль не дамогся сваіх мэтаў у Беларусі. Беларуская дзяржава ў адказ на інфармацыйную палітыку Расіі імкнецца замацаваць пранезалежніцкія настроі ў грамадстве", — падсумаваў інфармацыйны даклад аналітык Зміцер Міцкевіч. Ён дадаў, што беларускае грамадства і ўлады мусяць больш рэагаваць на праявы "прапаганды" ды інфармацыйнай вайны супраць беларускай дзяржаўнасці.

Адным з захадаў, прапанаваных даследчыкам, была поўная забарона дзейнасці на тэрыторыі краіны медыя, якія транслююць ды адлюстроўваюць матэрыялы, якія наўпрост негатыўна ставяцца да самога факта існавання беларускай незалежнай дзяржавы. Гэты крок, на думку аўтара даследавання, мае стратэгічнае значэнне для дзяржаўнай бяспекі краіны.


 Змiцер Хведарук, Служба iнфармацыi "ЕўраБеларусi"


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: