У Беларусі перапісалі Працоўны кодэкс

Наймальнікам дазволілі часова пераводзіць работнікаў на іншую працу, у тым ліку да іншага наймальніка. Мужчынам можа быць прадастаўлены кароткачасовы неаплатны адпачынак пры нараджэнні дзіцяці — да 14 дзён. Не забыліся і пра тых, хто працуе з хаты.
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

У Беларусі адрэдагавалі Працоўны кодэкс. Аляксандр Лукашэнка сёння падпісаў закон аб зменах у гэты дакумент, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.

Абмяркоўваць змены ў Працоўны кодэкс у парламенце пачалі год таму. А 26 чэрвеня сёлета дэпутаты прынялі ў другім чытанні законапраект па змене гэтага дакумента. У параўнанні з першай версіяй законапраекта, якую зацвердзілі яшчэ ў мінулым годзе, у цяперашняй з'явіліся некаторыя новаўвядзенні. Да прыкладу, улады маюць намер абмежаваць матэрыяльную адказнасць работніка, а наймальнікаў хочуць абавязаць заключаць доўгатэрміновыя кантракты з добрасумленнымі спецыялістамі.

Сярод змен — наймальнікам дазволілі часова пераводзіць работнікаў на іншую працу, у тым ліку да іншага наймальніка, на тэрмін да 6 месяцаў на працягу каляндарнага года. Для гэтага трэба атрымаць пісьмовую згоду работніка

Наймальнікаў таксама абавязалі адпускаць мужчын (пры іх жаданні) у кароткачасовым адпачынку пры нараджэнні дзіцяці — да 14 дзён.

Беларусам, якія знаходзяцца ў адпачынках, дазволілі працаваць па сумяшчальніцтве поўны працоўны дзень.

«Акрамя таго, у Працоўным кодэксе замацаваны нормы, якія прадугледжваюць, што матэрыяльная адказнасць будзе наступаць аднолькава і для тых, хто працуе па кантракце, і для тых, хто па працоўнай дамове, толькі за наўмыснае прычыненне маёмаснай шкоды», — удакладняюць у прэс-службе кіраўніка краіны.

Для забеспячэння працоўных правоў работнікаў закон прадугледжвае, што па дамове бакоў 5-гадовы кантракт з работнікам, які не дапускае парушэнняў дысцыпліны, будзе працягвацца да заканчэння максімальнага тэрміну яго дзеяння. А новы кантракт з такім работнікам будзе заключацца на тэрмін не менш за тры гады. На меншыя тэрміны кантракты будуць працягвацца і заключацца новыя толькі з пісьмовай згоды работніка.

«Памер выхадной дапамогі павялічаны да адной сярэднямесячнай заработнай платы, калі звальненне работніка адбылося па прычыне ўстанаўлення няпоўнага працоўнага часу (менш за палову нормы). Усталяваны месячны тэрмін папярэджання работніка аб змяненні істотных умоў працы. Прадастаўлена магчымасць працаваць па сумяшчальніцтве поўны працоўны дзень або змену ў перыяд працоўнага водпуску», — тлумачаць у прэс-службе.

Некаторыя змены датычацца дыстанцыйнай працы. Дыстанцыйнай працай лічыцца выкананне працоўнай функцыі, вызначанай працоўнай дамовай, з выкарыстаннем камунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій па-за месцам знаходжання наймальніка.

На дыстанцыйных работнікаў распаўсюджваюцца нормы працягласці працоўнага часу і часу адпачынку, як і на спецыялістаў, якія працуюць на тэрыторыі наймальніка.

«Навацыяй закона з'яўляецца ўключэнне ў Працоўны кодэкс новай главы, якая рэгулюе адносіны работніка і наймальніка пры выкананні дыстанцыйнай працы, — адзначаюць у прэс-службе. — Ужыванне гэтай формы працоўных адносін стала магчымым дзякуючы развіццю інфармацыйных тэхналогій. Дыстанцыйная праца зручная для абодвух бакоў працоўных адносін. Наймальніку не трэба абсталяваць працоўнае месца, а супрацоўнік можа выконваць работу ў любым месцы, дзе яму зручна». 

Змены ўступяць у сілу праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: