У Беларусі праводзілася мэтанакіраваная палітыка вынішчэння НДА

Грамадзянская супольнасць была сховішчам матэрыяльных, чалавечых і іншых рэсурсаў для таго, каб знішчыць палітычны рэжым.

Беларусь знаходзіца на апошнім месцы па колькасці няўрадавых арганізацый сярод краін Усходняга партнёрства. Пра гэта сведчаць дадзеныя кароткага аналітычнага агляду “Грамадзянская супольнасць Беларусі: актуальны стан і ўмовы развіцця”, падрыхтаванага Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі. Як адзначаецца ў аглядзе, паводле вельмі грубых падліках у Беларусі агульная колькасць няўрадавых арганізацый (зарэгістраваных у Беларусі як грамадскія аб'яднанні і ў іншых арганізацыйна-прававых формах, зарэгістраваных у іншых краінах, а таксама незарэгістраваных) можа складаць каля 3000.
Для параўнання: у Азербайджане налічылі 4 100 арганізацый, у Арменіі 4 000, ва Украіне 75 828, у Малдове 9 315, у Грузіі 20 206.

У параўнанні з іншымі краінамі рэгіёна Усходняга партнёрства, у Беларусі налічваецца найменшая колькасць грамадскіх арганізацый як у абсалютных лічбах, так і ў пераліку на 100 тыс. насельніцтва. Чаму наша краіна ізноў апынулася “ў хвасце”, як можна паўплываць на сітуацыю з НДА ў сучасных умовах і ці азначаюць статыстычныя паказчыкі, што ў Беларусі менш дэмакратыі, чым у Азербайджане? Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” папрасіла дырэктара Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава пракаментаваць вынікі аналітычнага агляду.

— У Беларусі праводзілася мэтанакіраваная палітыка вынішчэння НДА. Уздым росту колькасці арганізацый грамадзянскай супольнасці адбываўся ў 1995 – 1998 гадах, і гэта пачало ствараць пагрозу для існавання палітычнага рэжыму. Грамадзянская супольнасць была сховішчам матэрыяльных, чалавечых і іншых рэсурсаў для таго, каб яго знішчыць. Ён бачыў гэтую пагрозу і пачаў вынішчэнне і мэтанакіраванае ўскладненне ўмоў для стварэння і дзейнасці НДА, якое працягваецца з 1999 года.

У іншых краінах такога не было. Напрыклад, у Азербайджане свая спецыфіка: там існуе сістэма дзяржаўнай падтрымкі прадзяржаўных НДА. Гэта “спакойныя” дэпалітызаваныя арганізацыі, якія не ставяць ніякіх мэтаў, акрамя сэрвісна-побытавых, і задавальняюць дзяржаву. Але ў Беларусі нават такога не было. Толькі ў апошнія некалькі гадоў з’яўляюцца вельмі кволыя спробы падтрымкі некаторых арганізацый, акрамя ідэалагічна-прадзяржаўніцкіх. Гэтая падтрымка выражаецца ў распрацоўцы закона “Аб дзяржаўнай сацыяльнай замове”, паводле якога частку сэрвісных паслуг можна перакладваць на НДА. Трохі палепшылася сістэма, звязаная з магчымасцю краўдфандынга, спонсарскімі сродкамі, пачаліся стварацца дзяржаўныя структуры пры выканкамах для працы з замежнымі грантамі.

Але гэта толькі ў апошнія гады, да гэтага нават прадзяржаўніцкія і апалітычныя аб’яднанні ў Беларусі не мелі шанцаў развіцца.

— Ці можна неяк паўплываць на гэтую сітуацыю?

— Пры сучасных умовах яе немагчыма выправіць (калі толькі дзяржаўная палітыка не зменіцца), таму што гэта вельмі праблемная сфера дзейнасці, звязаная з персанальнымі рызыкамі і рызыкамі для арганізацыі. Значна прасцей існаваць у форме камерцыйнага прадпрыемства ці ўстановы, а не грамадскай арганізацыі. Людзі абіраюць шлях найменшых складанасцяў і ідуць у іншыя сферы дзейнасці, пазбягаючы грамадскай.

Немагчыма даць агульную рэкамендацыю для ўсіх, усё залежыць ад сферы дзейнасці і таго, чым займаецца арганізацыя. Яна можа абапірацца на розныя механізмы пазбягання складанасцяў. Калі арганізацыя займаецца палітычнай дзейнасцю (я тут маю на ўвазе ўвогуле policy: нават калі гэтая супольнасць спрабуе мяняць сістэму аховы здароўя Беларусі, ствараецца праблемная сітуацыя і дзяржава бачыць гэтую НДА як ворага), то часта адзіным выйсцем для яе з’яўляецца рэгістрацыя за мяжой.

Для некаторых праваабарончых арганізацый існаванне ў незарэгістраваным стане (як Праваабарончы цэнтр “Вясна”) — гэта прынцыповая пазіцыя: яны дэкларуюць, што з’яўляюцца беларускай арганізацыяй, таму не мусяць рэгістравацца за мяжой, а калі іх пазбаўляюць рэгістрацыі ў Беларусі — гэта відавочнае парушэнне прынцыпаў свабоды асацыяцый.

— Не так даўно атрымала дзяржаўную рэгістрацыю кампанія “Гавары праўду!”, якая пераследуе цалкам сабе палітычныя мэты. Як можна патлумачыць такую выбарачнасць дзяржавы пры задавальненні той ці іншай заяўкі на рэгістрацыю аб’яднання?

— Некаторыя арганізацыі рэгіструюць дзеля дэманстрацыі таго, што ў Беларусі ёсць змены да лепшага. Гэта адбываецца ў рамках гульні ў лібералізацыю, каб паказаць “аўтарытарны рэжым з чалавечым тварам”. У свой час дзеля гэтых мэтаў быў зарэгістраваны рух “За Свабоду!”. Гэта сімвалічны акт рэгістрацыі вядомай, але адзінкавай арганізацыі: “Так, у нас сядзяць два дзясяткі “белых легіянераў”, затое мы “Гавары праўду!” зарэгістравалі”. Гэта робіцца дзеля такога кшталту рыторыкі. Тым больш, “Гавары праўду!” у апошнія гады відавочна грае ў гэтай палітычнай логіцы эвалюцыйных зменаў, падыгрываючы ўладам.

eurobelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: