У Беларусі прызналі экстрэмісцкім Telegram-канал NEXTA-Live. Аўтары памянялі назву, а суд зноў забараніў

У кастрычніку 2020 года суд Цэнтральнага раёна Мінска па ініцыятыве ГУБАЗіК МУС прызнаў Telegram-канал NEXTA-Live і лагатып (лічбавы вадзяны знак) NEXTA экстрэмісцкімі матэрыяламі.


Аўтары змянілі назву і працягнулі развіваць яшчэ некалькі сваіх Telegram-каналаў. Але, як высветлілася, у лістападзе 2020 года ўжо суд Партызанскага раёна забараніў і «абноўленыя» каналы. Інфармацыя пра гэта цяпер з’явілася на сайце Міністэрства інфармацыі, паведамляе TUT.BY.

Прыводзім дакладныя фармулёўкі з рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, які размешчаны на сайце Мінінфарма:

— паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 20 кастрычніка 2020 года, экстрэмісцкім прызнаны інфармацыйны канал інтэрнэт-месенджара «Telegram» — «NEXTA-Live» (t.me/nexta_live) і лагатып (лічбавы вадзяны знак «NEXTA»);

— паводле рашэння суда Партызанскага раёна Мінска ад 23 лістапада 2020 года, экстрэмісцкім прызнаныя інфармацыйныя каналы інтэрнэт-месенджара «Telegram» — «NEXTA» (у цяперашні час — «HEXTA») з ідэнтыфікатарам t.me/nexta_tv; «NEXTA live» (у цяперашні час — «HEXTA Live») з ідэнтыфікатарам t.me/nexta_live; «LUXTA» з ідэнтыфікатарам t.me/luxta_tv.

Ёсць толькі адна працэдура прызнання інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкай — праз суд. Што лічыць забароненай (экстрэмісцкай інфармацыяй), павінна быць дакладна прапісана ў пастанове суда, фармулёўка ўносіцца ў рэспубліканскі спіс (рэкамендуем час ад часу правяраць, ці не абнавіўся ён), які з'яўляецца арыенцірам для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці (грамадзянам за гэта пагражае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт да 15 сутак). Калі змяняецца хоць бы адна літара ў назве Telegram-канала, фармальна гэта ўжо іншая інфармацыйная прадукцыя, менавіта таму і спатрэбіўся яшчэ адзін зварот у суд.

З заявай у суд можа звярнуцца ўпаўнаважаны дзяржаўны орган, як і адбылося ў дадзеным выпадку: з ініцыятывай выступіла Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, якое настаяла на тым, каб рашэнне суда падлягала неадкладнаму выкананню (згодна з арт. 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, суд можа дапусціць неадкладнае выкананне рашэння цалкам або ў частцы, калі з прычыны асаблівых абставін запаволенне ў выкананні рашэння можа прывесці да значнай шкоды для спагнанніка або зрабіць немагчымым само выкананне).

Ці трэба адпісацца ад Telegram-канала, які прызнаны экстрэмісцкім? Гэта асабістая справа кожнага. Як патлумачыла TUT.BY юрыстка праваабарончай арганізацыі Human Constanta Анастасія Лойка, падпіска не роўная захоўванню. Аднак калі вы запампуеце сабе на тэлефон або кампутар матэрыялы з канала альбо фота і відэа з вадзянымі знакамі канала, гэта можна расцаніць як захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, роўна як і репост паведамленняў канала. На сайце Human Constanta адзначаецца што, «калі раней былі апублікаваныя спасылкі на канал або любыя іншыя матэрыялы з гэтага канала, гэта пацягне за сабой адміністрацыйную адказнасць».

«Лічыцца, што калі на момант прызнання матэрыялу экстрэмісцкім ён працягвае знаходзіцца ў публічным доступе, то гэта таксама распаўсюджванне», — патлумачыла юрыст.

Ці могуць супрацоўнікі міліцыі альбо мытні (на мяжы) запатрабаваць у любога чалавека тэлефон, каб праверыць, што за інфармацыя ў ім захоўваецца? Могуць, але ці даваць пароль ад тэхнікі, вырашаць вам. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на таямніцу яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць (арт. 28 Канстытуцыі), ніхто не павінен прымушацца да дачы паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў (арт. 27 Канстытуцыі).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: