У Беларусі скарачаецца колькасць жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу

За перыяд з 2014 па канец 2017 года ў Беларусі зменшыліся папуляцыі ўключаных у Чырвоную кнігу мядзведзяў, рысяў, барсукоў і еўрапейскіх норак. Расце толькі колькасць зуброў.
Пра гэта сведчаць звесткі статыстычнага зборніка «Ахова навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь, 2018», падрыхтаванага Белстатам.

Паводле статыстычных дадзеных, найбольшае скарачэнне ў 2014-2017 гадах спасцігла папуляцыю «чырванакніжных» барсукоў. Калі ў 2014 годзе іх налічвалася 1416 асобін, то ў 2017 іх колькасць скарацілася амаль удвая — у беларускіх лясах застаўся 681 барсук.

Памяншаецца і колькасць беларускіх мядзведзяў. Калі ў 2014 годзе ў нас вадзілася 119 касалапых, то ў 2017 годзе — усяго 68.

У тры з паловай разы скарацілася папуляцыя еўрапейскай норкі. Калі ў пачатку разгляданага перыяду іх было 351 адзінка, то ў канцы — усяго 101.

Скарачэнне спасцігла і папуляцыю рысяў. У 2014 годзе ў лясах Беларусі налічвалася 771 асобіна дзікіх котак, а ў 2017 годзе — 489.

Сярод млекакормячых, унесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, рост пагалоўя адбываецца толькі ў зуброў. У статыстычнай справаздачы дадзеныя за 2014 год аб іх колькасці адсутнічаюць. Аднак, згодна з інфармацыяй, якую Thinktanks.by атрымаў з іншых крыніц, у той час у краіне жыло 1270 зуброў. У канцы 2017 года спецыялісты налічылі 1423 зубра.

Нагадаем, развядзенне гэтых жывёл у Беларусі пачалося ў 1946-1947 гадах, калі з Польшчы ў Белавежскую пушчу завезлі 10 асобін, якія сталі заснавальнікамі беларускай папуляцыі. У 1994 годзе ў Беларусі налічвалася ўжо 347 зуброў.

У адрозненне ад «чырванакніжных» млекакормячых, колькасць асноўных паляўнічых жывёл у Беларусі расце. У прыватнасці, з 2014 па 2017 год у краіне вырасла з 30,1 да 36,3 тысяч пагалоўе ласёў, з 13,6 да 21,5 тысяч — пагалоўе высакароднага аленя, з 71,5 да 92,8 тысяч — пагалоўе казуль, са 152,8 да 167,5 — колькасць зайцоў.

У той жа час у краіне, пасля эпідэміі чумы свіней, па-ранейшаму вельмі малая папуляцыя дзікоў. Калі ў 2013 годзе іх колькасць даходзіла да 80,4 тысяч, то ў 2014 скарацілася да 8,6 тысяч, а ў 2017 — да 2,8 тысяч жывёл.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: