У Беларусі стала на 5 палітвязняў больш

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з заявай пра прызнанне 5 новых палітвязняў. Пераслед Аляксандры Патрасаевай, Аляксандра Рэзніка, Міхаіла Феранца, Віталя Шчэрбіча і Рэнаты Смірновай названы палітычна матываваным. На сённяшні дзень у Беларусі 194 палітвязні.


Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі ПЭН-цэнтр выступілі з супольнай заявай:  яшчэ 5 чалавек прызнаныя палітвязнямі.

Заява праваабаронцаў апублікаваная на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра:

"У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (“Масавыя беспарадкі”) Аляксандры Патрасаевай, Аляксандру Рэзніку, а таксама па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”) Міхаілу Феранцу, Віталю Шчэрбічу і Рэнаце Смірновай, яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і, адпаведна, не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед Аляксандры Патрасаевай, Аляксандра Рэзніка, Міхаіла Феранца, Віталя Шчэрбіча і Рэнаты Смірновай, якія былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) і па ч. 1 арт. 342 КК (“Групавыя дзенянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Аляксандру Патрасаеву, Аляксандра Рэзніка, Міхаіла Феранца, Віталя Шчэрбіча і Рэнату Смірнову і спыніць іх крымінальны пераслед.
Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: