У Беларусі стартавала кампанія «За справядлівую і незалежную судовую сістэму» (фота, відэа)

Кампанія «За справядлівую і незалежную судовую сістэму» стартавала ў рэгіёнах Беларусі. На мінулых выхадных сустрэчы і абмеркаванні кампаніі прайшлі ў Жлобіне і Гомелі.

У сустрэчах прынялі ўдзел сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова, Джэсіка Каралюк, гомельскі лідар Таццяна Канеўская.

Сама кампанія пачалася з правядзення ў пачатку сакавіка круглага стала ў Мінску з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай і прадстаўнікамі розных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі.

Галоўныя патрабаванні кампаніі: перагледзець усе судовыя рашэнні па артыкуле 328 КК, а таксама пачаць судова-прававую рэформу Беларусі. Беларускія хрысціянскія дэмакраты больш за два гады займаюцца пытаннямі несправядлівых і празмерных пакаранняў, у тым ліку па артыкуле 328. За гэты час практычна ўсе органы дзяржаўнай улады прызналі тое, што артыкул трэба пераглядаць. Ужо год таму абяцалі змены, аднак нічога за гэты час не адбылося.

Цяпер стаіць задача правесці агульнанацыянальную кампанію за судовую рэформу і дамагчыся ад улады заканадаўчых зменаў.


У круглых сталах, якія ўжо прайшлі ў рэгіёнах па ініцыятыве і падтрымцы БХД, прынялі ўдзел сваякі асуджаных па артыкуле 328, грамадскія актывісты, а таксама сваякі людзей, якія былі несправядліва асуджаныя па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса альбо сутыкнуліся з несправядлівасцю судова-прававой сістэмы.
 
Выкарыстоўваючы дэпутацкі мандат Ганны Канапацкай, хрысціянскія дэмакраты ўжо на вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў плануюць унесці прапановы па змяненні Крымінальнага кодэкса.

У бліжэйшыя месяцы плануецца правядзенне агульнанацыянальнай кампаніі ў падтрымку гэтых змен, у тым ліку збор подпісаў, сустрэчы ў рэгіёнах і вулічныя акцыі.

 

Асноўныя патрабаванні кампаніі

1. Выбарнасць суддзяў. Замест прызначэння суддзяў прапануецца іх абранне. Пры гэтым суддзяў вышэйшых судоў будзе абіраць парламент, а суддзяў ніжэйстаячых судоў — мясцовыя прадстаўнічыя органы
2. Развіццё спецыялізацыі судоў і суддзяў.
3. Увядзенне суда прысяжных засядацеляў пры ўмове, калі абвінавачаны не прызнае сябе вінаватым у здзяйсненні злачынства.
5. Разгляд спраў аб цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах у складзе трох прафесійных суддзяў.
6. Стварэнне сістэмы апеляцыйных і касацыйных судоў
7. Абранне членаў Канстытуцыйнага суда парламентам і пашырэнне яго паўнамоцтваў па прыкладзе еўрапейскіх краін.
8. Скасаванне Следчага камітэта, створанага пры кіраўніку дзяржавы. На яго аснове прапануецца заснаваць Следчы камітэт у складзе пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
9. Адвакатуры неабходна зацвердзіць статус самакіравальнай арганізацыі юрыстаў.
10. Неабходна рэфармаванне пенітэнцыярнай (турэмнай) сістэмы з улікам міжнародных (еўрапейскіх) стандартаў і вопыту замежных краін.
11. Унесці змены ў арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (змякчыць пакаранне упершыню асуджаным, непаўналетнім; за ўжыванне прыцягваць да адміністрацыйнай, а не крымінальнай адказнасці; размежаваць пакаранне ў залежнасці ад аб'ёму), а таксама перагледзець усе крымінальныя справы па арт. 328 КК.
 

За наркотыкі трэба садзіць наркадзяльцоў, а не наркаманаў і разавых спажыўцоў!


«Фармальна Рэспубліка Беларусь — дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Дзяржава павінна гарантаваць правы і свабоды грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замацаваныя ў Канстытуцыі, такія як роўнасць усіх перад законам, абарона правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, — кажа Вольга Кавалькова. — Але на сённяшні дзень прыцягненне да крымінальнай адказнасці, і тым больш накіраванне справы ў суд, у большасці выпадкаў фактычна азначае асуджэнне чалавека. Надзея на тое, што суддзя апраўдае падсуднага, невялікая: ў 2016 годзе ў Рэспубліцы Беларусь было апраўдана 0,16% падсудных. Перавага абвінаваўчага ўхілу ў дзейнасці судоў, якія нярэдка заплюшчваюць вочы на ​​нядобрасумленную падрыхтоўку спраў, на фальсіфікацыю доказаў абвінавачвання органамі дазнання і следства, не дазваляе гаварыць пра нейкую самастойнасць і незалежнасць судоў. Адсюль і больш шырокія сістэмныя праблемы ўсёй сферы юстыцыі: ад перапоўненасці следчых ізалятараў і турмаў да вялікага ліку следчых і судовых памылак. Беларусі тэрмінова неабходна правядзенне судова-прававой рэформы».
 

«Зрабіць беларускую судовую сістэму справядлівай і незалежнай, дамагчыся перагляду ўсіх спраў па артыкуле 328, спыніць прававое бязмежжа ў нашай краіне — галоўная мэта нашай кампаніі», — адзначае Віталь Рымашэўскі.


«Сотні тысяч беларусаў сутыкнуліся з несправядлівымі судамі, бязмежжам міліцыі, катаваннямі ў турмах і СІЗА. На тэрміны 6-14 год зняволення асуджаныя тысячы маладых людзей. Фабрыкуюцца справы, ламаюцца лёсы...

Сёння нібыта за распаўсюд наркотыкаў дзецям ва ўзросце 14-16 гадоў, якія раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, даюць турэмныя тэрміны больш чым за забойства — па 10-14 гадоў. Многія крымінальныя справы проста фабрыкуюцца. З несправядлівай судова-прававой сістэмай сутыкнуліся сотні тысяч беларусаў. Патрабаванні нашай кампаніі — не толькі перагледзець усе крымінальныя справы па артыкуле 328, але і зрабіць судовую сістэму Беларусі незалежнай. Беларусам неабходна аб'яднацца для таго, каб гэтая кампанія стала паспяховай, каб у міліцыі не збівалі людзей, а ў турмах не гінулі людзі, каб суды былі справядлівыя, а беларусы і іх сем'і былі абаронены.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты падтрымалі ініцыятыву сваякоў асуджаных па артыкуле 328. Гэтая кампанія павінна стаць нацыянальнай. Заклікаю ўсіх неабыякавых грамадзян Рэспублікі Беларусь далучыцца да кампаніі за судовую рэформу ў нашай краіне. Без справядлівых незалежных судоў немагчыма весці бізнес, быць абароненым ад самавольства мясцовых карумпаваных чыноўнікаў і міліцыі. Незалежная судова-прававая сістэма аснова бяспечнай будучыні для ўсіх грамадзян нашай краіны. Далучайцеся, сябры!», — заклікаў адзін з лідараў БХД.

 bchd.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-03-19 15:05:50
Эх, арганізатары... Вы б для пачатку давялі да лагічнага завяршэння сваю кампанію па "дэалкагалізацыі". Чытаў у газеце БХД "Крыніца" за снежань 2016 г., што: «Па выніках круглага стала [17.11.2016] было дамоўлена, што… Ганна Канапацкая ініцыюе змяненне заканадаўства дзеля дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі і вынесе адпаведныя прапановы на вясновую сесію парламенту». Наколькі я ведаю, так і не вынесла. А цяпер - другая серыя? "Выкарыстоўваючы дэпутацкі мандат Ганны Канапацкай, хрысціянскія дэмакраты ўжо на вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў плануюць унесці прапановы..."

Каментаваць