У Беларусі страхаваць жыццё дазволяць і прыватным кампаніям

Мінфін плануе прыняць шэраг захадаў па лібералізацыі рынку страхавання і ўжо падрыхтаваў адпаведны праект дзяржаўнага рашэння.

polistools.ru

«З яго прыняццем адбудуцца істотныя змены. У прыватнасці плануецца ліквідаваць дзяржаўную манаполію на страхаванне жыцця. Неўзабаве такое права дадуць і арганізацыям недзяржаўнай формы ўласнасці», — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення страхавога нагляду Сяргей Асенка ў сваім артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары часопіса «Фінансы, улік, аўдыт», які выдаецца Мінфінам.

У сегменце страхавання жыцця і дадатковай пенсіі, па словах Асенкі, «чакаецца адмена ўведзенай у 2014 годзе забароны на заключэнне дзяржаўнымі прадпрыемствамі дагавораў страхавання жыцця з прыватнымі страхавымі арганізацыямі».

Пры гэтым прадстаўнік Мінфіна канстатаваў, што застаецца актуальным пытанне аб выключэнні заканадаўчых абмежаванняў і выраўноўванні ўмоў функцыянавання для арганізацый усіх формаў уласнасці.

«Айчыннае заканадаўства забараняе прыватным кампаніям аказваць абавязковыя віды страхавання і страхаваць маёмасныя інтарэсы дзяржаўных юрыдычных асоб. А ў адносінах да дзяржаўных арганізацый дзейнічае забарона на размяшчэнне і інвеставанне ўласных сродкаў і рэсурсаў страхавых рэзерваў у прыватных банках і каштоўных паперах юрыдычных асоб (за выключэннем дзяржбанкаў і Банка развіцця)», — канстатуе Асенка.

Паводле яго слоў, Мінфін не здымае з парадку дня ўрэгуляванне гэтай сітуацыі.

«Мы ўсведамляем неабходнасць больш глыбокага развіцця канкурэнцыі, прамым вынікам якой стане павышэнне якасці абслугоўвання кліентаў і прадастаўленне ім большай колькасці паслуг», — адзначыў Асенка.

Нагадаем, аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings раней прыйшлі да высновы, што беларускі страхавы рынак мае вялікі патэнцыял, аднак магчымасці яго росту абмежаваныя.

У справаздачы аб стане страхавога рынку Беларусі, якую падрыхтавалі сёлета аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings, эксперты звяртаюць увагу, што палова з 16 страхавых кампаній у Беларусі знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы і на долю дзяржкампаній у 2017 годзе прыйшлося 88% валавых страхавых прэмій.

Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва таксама звяртаюць увагу, што беларускі ўрад плануе правесці лібералізацыю страхавога рынку толькі да 2025 года, зраўнаваўшы ў правах і магчымасцях прыватныя і дзяржаўныя страхавыя кампаніі.

У гэтай сувязі эксперты рэйтынгавага агенцтва прыйшлі да высновы, што страхавы рынак будзе развівацца памяркоўнымі тэмпамі.

Аналітыкі канстатуюць, што паказчык пранікнення страхавання ў Беларусі з'яўляецца нізкім і складае 1,1% ад ВУП.

«Дадзены паказчык з'яўляецца другім па велічыні сярод супастаўных краін у рэгіёне СНД пасля Расіі, але істотна ніжэй сярэдняга ўзроўню пранікнення страхавання ў 6,7% для ўсіх еўрапейскіх краін», — падкрэсліваюць аналітыкі Fitch Ratings.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!