У Беларусі створана ініцыятыва па вызваленні палітычных зняволеных

У Мінску адбылася сустрэча родных зняволеных па палітычна матываваных крымінальных справах. Падчас сустрэчы было абвешчана пра стварэнне грамадзянскай ініцыятывы па вызваленні ўсіх беларускіх палітвязняў «Вызваленне-2020».


Мэта такой ініцыятывы — данесці голас родных палітычных зняволеных да беларускага і міжнароднага грамадства, арганізаваць супольныя дзеянні па падтрымцы адзін аднаго, умацаваць салідарнасць усяго грамадства, паведамляюць праваабаронцы.

Колькасць палітвязняў у Беларусі з пачатку сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі беспрэцэдэнтная – праваабаронцамі прызнаныя ўжо 100 чалавек (на 26.10.2020).

Па інфармацыі Генпракуратуры на дадзены момант заведзена звыш 400 крымінальных спраў супраць удзельнікаў паслявыбарчых мірных акцый пратэсту. Колькасць падазраваных і абвінавачаных па палітычных матывах дасягнула каля 500 чалавек.

Пад час сустрэчы было прапанавана наладзіць камунікацыю паміж сваякамі, па магчымасці, усіх абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах, даведацца патрэбы і праблемы кожнага зняволенага, іх сем’яў, аказаць маральную падтрымку. Родныя палітычных зняволеных перакананыя, што супольныя намаганні больш эфектыўныя і выніковыя ў справе вызвалення палітычных вязняў.

Ініцыятары кампаніі звяртаюцца да ўсіх родзічаў палітычных зняволеных далучацца як мага хутчэй. «Наш голас, — перакананыя яны, — павінен быць пачуты».

Кантакты ініцыятывы «Вызваленне-2020»:

viazni2020@gmail.com — электронная пошта ініцыятывы

@viazni2020_bot — зваротная сувязь у Telegram



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: