У Беларусі трэці год расце колькасць беднякоў

За мяжой беднасці ў 2017 годзе знаходзілася 528,1 тысячы чалавек, паведамляе Белстат. 
Reuters © Konstantin Chernichkin

Reuters © Konstantin Chernichkin

Сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы гэтых людзей былі ніжэйшымі за бюджэт пражытачнага мінімуму. Колькасць маламаёмасных у Беларусі расце трэці год запар. FINANCE.TUT.BY паглядзеў, колькі за мяжой беднасці, паводле афіцыйнай статыстыкі, знаходзіцца дзяцей і пенсіянераў.

Для параўнання: у 2016 годзе за нацыянальнай рысай беднасці знаходзілася 498,5 тысячы чалавек, у 2015-м — 456,4 тысячы, у 2014-м — 431,9 тысячы. У 2011 годзе ў Беларусі было 655,5 тысячы беднякоў.

У мінулым годзе сярод дзяцей да 6 гадоў за мяжой беднасці знаходзілася кожнае дзясятае дзіця — 10,9% (годам раней — 10,6%), а сярод беларусаў ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў гэты паказчык складае 12,3% (у 2015 годзе — 11,7%).

Узровень малазабяспечанасці сярод жанчын старэйшых за 55 гадоў складае 2,2% (годам раней — 1,8%), а сярод мужчын старэйшых за 60 гадоў — 1,5% (годам раней -—1,6%). На канец мінулага года ў Беларусі пражывала 2 мільёны 377 364 пенсіянераў.

Сярод жанчын ва ўзросце ад 31 да 54 гадоў узровень малазабяспечанасці ў мінулым годзе складаў 6,3% (5,7% годам раней), а сярод мужчын ад 31 да 59 гадоў — 5,5% (годам раней — 5,3%) .

Сярод беларусаў ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў маламаёмаснымі ў мінулым годзе былі 7% ад агульнай колькасці насельніцтва гэтай узроставай катэгорыі. Столькі ж іх было і ў 2016 годзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!