У Беларусі ўлады крымінальна пераследуюць футбольных фанатаў. Расказваем, за што

У Беларусі з пачаткам пратэстаў супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах пад крымінальны пераслед патрапілі дзясяткі футбольных фанатаў, паведамляюць праваабаронцы.

Віталь Шышлоў, Тамаз і Цімур Піпія. Фотакалаж: spring96.org

Віталь Шышлоў, Тамаз і Цімур Піпія. Фотакалаж: spring96.org


Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 293 КК), дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС (арт. 364 КК).

Міністэрства ўнутраных справаў таксама не хавае сваёй пільнай увагі да фанатаў. 17 кастрычніка ў прэс-службе ведамства адзначылі, што «захоўваецца прыхаваная актыўнасць і схільнасць да дэвіянтных паводзін асобнай катэгорыі асоб: анархістаў і футбольных фанатаў». Гэта азначае, што гэтыя групы знаходзяцца на асаблівым кантролі ў праваахоўнікаў. Калі практыка пераследу анархістаў за іх погляды і перакананні ў Беларусі мае месца даўно, то крымінальны пераслед фанатаў упершыню набыў такія маштабы.

Праваабаронцы «Вясны» сабралі некаторыя факты пераследу футбольных фанатаў у Беларусі. Некаторыя з фанатаў прызнаныя праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі.

 

Жлобін

Некалькі разоў у МУС паведамлялі аб затрыманні фанатаў, акцэнтуючы ўвагу на іх перакананнях: праварадыкальныя або леварадыкальныя. Пры гэтым сілавікі затрымліваюць і тых, і тых. Так, 23 кастрычніка МУС паведаміла, што ў Жлобіне за ўдзел у масавых беспарадках затрымалі «праварадыкальнага фаната». Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што прозвішча 25-гадовага хлопца — Мікалай Дзянісевіч. Ён стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Яго затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АМАПа.

«Малады чалавек удзельнічаў у масавых беспарадках 9 жніўня. Тады групы дзейных і футбольных фанатаў, ужываючы падручныя прадметы, пашкодзілі міліцэйскія аўтамабілі, якія праязджалі па вул. Барташова», — гаворыцца ў паведамленні.

У ведамстве акцэнтуецца ўвага, што 25-гадовы жыхар Жлобіна з'яўляецца «актыўным удзельнікам мясцовай праварадыкальнай каляфутбольнай групоўкі». А МУС у сваім паведамленні нібы ўскладае адказнасць за «масавыя беспарадкі» ў Жлобіне на фанацкую супольнасць.

За месяц да гэтага, па паведамленні МУС, у Жлобіне па гэтым жа эпізодзе быў затрыманы яшчэ адзін фанат. Вядома, што ён таксама з'яўляецца фігурантам паводле арт. 342 КК за ўдзел у пратэстных акцыях 9 жніўня ў райцэнтры.

 

«У той дзень 24-гадовы мясцовы жыхар, з яго ж словаў, прыйшоў на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з адной мэтай — аказаць сілавы супраціў супрацоўнікам міліцыі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

МУС зноў падкрэслівае, што «затрыманы з'яўляецца прыхільнікам праварадыкальных поглядаў і актыўным удзельнікам каляфутбольнай групоўкі».

 

Мінск

 

У канцы верасня верасня былі затрыманыя два браты Тамаз і Цімур Піпіі, і іх сябар Віталь Шышлоў. Як паведаміла сястра братоў, хлопцы ў мінулым былі футбольнымі фанатамі клуба «МТЗ-РІПА». Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) у Мінску 23 верасня пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Тамаз і Цімур Піпіі прызнаныя беларускімі праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі. На дадзены момант браты ўтрымліваюцца ў СІЗА ў Жодзіна.

Іх сябра Віталя Шышлава, акрамя гэтага, абвінавачваюць у нападзе на супрацоўніка міліцыі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса за тое, што нібыта распыліў слёзатачывы газ у салон машыны супрацоўнікаў міліцыі ў Серабранцы.

МУС тады апублікавала з Віталём свой традыцыйны відэаролік, у якіх пратэстоўцы людзі раскайваюцца ў сваіх дзеяннях, прыносяць прабачэнні на камеру і раяць усім спыніць удзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». На відэа Віталь у лесе са звязанымі рукамі прызнаецца ў тым, што ён удзельнічаў у масавых беспарадках 23 верасня пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.


У прэс-службе ў паведамленні пра яго затрыманне адзначаецца, што ён з'яўляецца «футбольным фанатам, прытрымліваецца леварадыкальных поглядаў».

 

Пінск

 

Данііл Богнат і Алег Рубец

У Пінску 10 жніўня былі затрыманыя сябры фанаты мясцовага футбольнага клуба «Волна» Алег Рубец і Данііл Богнат. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса ў ноч з 9 на 10 жніўня ў родным горадзе. Іх сваякі не ведаюць, як менавіта і пры якіх абставінах іх затрымалі. Усю наступную інфармацыю пра Алега і Данііла яны атрымлівалі толькі ад сукамернікаў і адвакатаў. Блізкім хлопцаў распавялі, што іх білі, прыніжалі, пагражалі на працягу трох дзён з 10 па 13 жніўня.

Алег і Данііл прызнаныя беларускім праваабарончым супольнасцю палітычнымі вязнямі. Трэці месяц яны ўтрымліваюцца ў баранавіцкім СІЗА №6.

 Барысаў

 

Яўген Петрачэнка. Фота прадаставілі сябры «Белсату»

У пачатку кастрычніка суд Барысаўскага раёна прысудзіў 20-гадовага футбольнага фаната БАТЭ Яўгена Петрачэнку да 3,5 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса за сутычку з міліцыяй падчас пратэстаў у Барысаве 9 жніўня. Судовы працэс не меў вялікага рэзанансу: СМІ даведаліся пра яго толькі постфактум з паведамлення МУС.

Прэс-служба таксама распаўсюдзіла кадры сутычкі дэманстранта з міліцыянтам. На відэа бачна як на дэманстрантаў, якія стаялі каля турнікетаў, бягуць сілавікі ў шлемах і з дубінкамі. Большасць пратэстоўцаў пры гэтым разбягаюцца, але Яўген Петрачэнка і яшчэ некалькі чалавек — застаюцца. Хлопец спачатку штурхнуў турнікет у бок міліцыянта, а затым паміж імі адбылася сутычка. Яўген пры гэтым паспеў збегчы, хоць за ім гналіся прынамсі трое міліцыянтаў. Пацярпелым па справе Петрачэнка быў прызнаны работнік патрульна-паставой службы (ППС) Арцём Пласконны.

«Асуджаны разам з іншымі дэманстрантамі правакаваў праваахоўнікаў, якія стаялі ў ачапленні. Спачатку лаяўся ў іх адрас нецэнзурнай лаянкай, а затым і зусім напаў на старэйшага сяржанта міліцыі: ударыў па назе металічным турнікетам і некалькі разоў кулакамі па твары», — паведамляў МУС.

Фанаты скідваліся на адваката хлопцу. Суд доўжыўся два дні. Пацярпелы Арцём Пласконны на судзе сказаў, што не мае прэтэнзій да Петрачэнкі, але яму было «крыўдна, што да яго так паставіліся».

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч у каментары belsat.eu адзначаў, што «на першы погляд, такі прысуд выглядае непрапарцыйна жорсткім. Верагодна, у гэтай непрапарцыйна ёсць палітычны падыход».

«Заўсёды вельмі важна разглядаць прысуд у кантэксце тых падзей, пры якіх адбываліся дзеянні абвінавачаных. А адбывалася гэта падчас правядзення мірных сходаў, якія былі атакаваныя міліцыяй з выкарыстаннем фізічнай сілы і спецсродкаў. Фактычна, людзі былі вымушаныя абараняцца».

Праваабаронцам «Вясны» вядомыя факты крымінальнага пераследу футбольных фанатаў і ў іншых гарадах Беларусі.

 

*Па стане на 29 кастрычніка, па словах генпракурора Андрэя Шведа, у Беларусі падчас пратэстаў узбуджана 657 крымінальных спраў.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: