У Беларусі ўпершыню прадставяць спектакль для слабавідушчых і невідушчых дзяцей

У Беларусі адбудзецца прэм'ера першага спектакля для слабавідушчых і невідушчых дзяцей. Казку «Снежная каралева» паводле п'есы Рагіма Мусаева пакажуць у Гомелі 5 красавіка.

Пра гэта паведамілі на адкрытай рэпетыцыі арганізатары інклюзіўнага праекта — «Цім тэатр» і тэлеком-аператар velcom.

«Снежная каралева» стане першым атмасферным спектаклем для дзяцей. На прэм'еру запрошаны сем'і, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі зроку. Публіцы прапануюць завязаць павязкай вочы ў знак салідарнасці з невідушчымі дзецьмі, аднак пры жаданні спектакль можна будзе і паглядзець.


«З зачыненымі вачамі тое, што адбываецца на сцэне ўспрымаецца інакш, абвастраецца слых, нюх, дотык, — растлумачыў дырэктар тэатра Андрэй Бардухаеў-Арол. — Спецыяльна для гэтага спектакля мы замовілі тактыльныя касцюмы, да якіх публіка можа дакранацца, яны ж будуць асноўнымі дэкарацыямі. Акрамя таго, закуплена сучаснае гукавое, светлавое абсталяванне і араматызатары, з дапамогай якіх мы разлічваем стварыць асаблівую атмасферу на паказе».
«velcom падтрымлівае праекты, звязаныя са зрокам, — адзначыў вядучы спецыяліст аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Уладзімір Кузьмянок. — Летась ў рамках праекта «Я бачу» мы дапамаглі абследаваць зрок у больш чым 12 тысяч дзяцей з сельскіх мясцовасцяў Гомельскай вобласці. Праект «Атмасферныя спектаклі» таксама накіраваны на людзей з асаблівасцямі зроку, але пад іншым ракурсам. Гэта гісторыя пра тое, як мастацтва можа аб'яднаць зусім розных людзей і дапамагчы ім лепш зразумець адзін аднаго. Бо доўгі час тэатр быў недаступны для слабавідушчых і невідушчых. Нездарма тэатральная публіка называецца гледачамі, ад слова глядзець, а менавіта ў гэтай магчымасці інваліды па зроку абмежаваныя».

Прэм'ера першага атмасфернага спектакля «Снежная каралева» адбудзецца 5 красавіка ў 16.00 па адрасе: г. Гомель, пр-т Леніна, 10. Паказ бясплатны, але колькасць месцаў у зале абмежавана.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: