У Беларусі выявілі 6 новых выпадкаў каронавірусу

У Беларусі выявілі 6 новых выпадкаў каронавірусу, паведамляе svaboda.org.


РНК вірусу выявілі ўжо ў 27 чалавек — на 6 больш, чым паведамлялі днём раней, расказала Алена Богдан, прадстаўніца Міністэрства здароўя. Трох ужо выпісалі здаровымі і выпусцілі дамоў. 24 чалавекі застаюцца ў клініках, у аднаго сярэдняцяжкае цячэнне хваробы, у астатніх лёгкае або наогул бессымптомнае.

Мінздароўя заяўляе, што мае дастаткова лекавых сродкаў, а таксама дзве тысячы правераных апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Але, адзначыў на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя Батыр Бердыклычаў, рост колькасці выпадкаў непазбежны. Ды выпадкаў некантраляванай перадачы не назіралася.

Іна Карабан, намесніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мінздароўя, адзначыла, што ўсе выпадкі каронавірусу — гэта 7 завазных агменяў каронавірусу. Паводле Мінздароўя, усе, хто вяртаюцца з-за мяжы, мусяць звярнуцца да лекараў і максімальна абмежаваць кантакты, асабліва са сталымі людзьмі, якія складаюць асноўную групу рызыкі.

Таксама Іна Карабан паведаміла, што праз беларуса, які не прызнаўся, што быў у Італіі, а працягваў наведваць публічныя імпрэзы, сустракацца з людзьмі, заразіўся 91 чалавек.

Паводле Карабан, сын пацыента, які быў з ім у кантакце, наведваў навучальныя ўстановы і нейкі час быў носьбітам вірусу, перадаў інфекцыю аднакурснікам.

Цяпер 224 чалавекі знаходзяцца ў ізаляцыі пад наглядам мэдыкаў.

Раней 13 сакавіка міністр унутраных справаў Беларусі Юры Караеў расказаў, што прысутнічаў на нарадзе з чалавекам, інфікаваным COVID-19, таму на два тыдні пайшоў у дабраахвотны карантын. Тым часам Памежны камітэт абвяргае чуткі пра закрыццё межаў Беларусі, а касцёл забараняе цалаваць абразы і паціскаць рукі.

Днём раней Мінздароўя паведамляла, што колькасць выпадкаў COVID-19 у Беларусі вырасла з 12 да 21, і абмежавала правядзенне масавых мерапрыемстваў з міжнародным удзелам да 6 красавіка. Пры тым ужо паправіліся чатыры чалавекі, у ліку якіх самы першы беларускі пацыент з новым каронавірусам — студэнт БНТУ з Ірану.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: