У Беларусі выпусцілі арліную манету

Срэбную і медна-нікелевую манеты з вялікім арляцом, пад знакам якога праходзіў 2019 год, выпусціў Нацбанк.


Нацбанк, які з 2007 года падтрымлівае кампанію “Птушка года” грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ), выпусціў срэбную і медна-нікелевую манеты з вялікім арляцом, пад знакам якога праходзіў 2019 год.

Вялікі арлец — гэта рэдкая птушка, якая знаходзіцца пад пагрозай знікнення ва ўсім свеце, і якой у Беларусі яшчэ захавалася 120-150 пар — болей, чым ва ўсім Еўрапейскім саюзе!

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ распавёў:

— Калі мы даведаліся, што арлец стаў птушкай года, я палез у інтэрнэт паглядзець, у якіх краінах ужо выйшлі манеты з гэтай птушкай. Аказалася, што з вялікім арляцом выпусцілі манеты толькі загадкавыя Шэтландскія астравы і аўстралійскі Falcon island, мясцовыя манеты з арляцом таксама выйшлі ў Польшчы. Гэта ўсё. Наклад беларускіх памятных манет, як заўсёды, невялікі, і далей за вузкае кола калекцыянераў яны, хутчэй за ўсё, не сыдуць, а шкада, таму што адукацыйны патэнцыял манетных двароў унікальны.

Арлінымі манетамі можна расплачвацца — гэта законны плацежны сродак Рэспублікі Беларусь. Але, напэўна, цікавей мець такую адметную манету ў сваёй калекцыі. Дарэчы, такі сувенір — цудоўная ідэя для падарунка!

Аверс усіх манет серыі “Птушка года” аднолькавы: на ім адлюстравана маленькая птушка на далонях і намінал. На рэверсе кожнай манеты — выява птушкі года.

Дызайн першай і ўсіх наступных манет выканала Аксана Навасёлава.

Срэбная манета з арляцом мае намінал 10 рублёў, масу 16,81 г, дыяметр 32 мм, пробу 925, якасць “пруф” і выпушчаная тыражом 1300 штук.

Медна-нікелевая манета мае намінал 1 рубель, масу 13,16 г, дыяметр 32 мм, якасць “пруф-лайк” і выпушчаная тыражом 2500 штук.

Пра пачатак продажу манет з вялікім арляцом сачыце на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў раздзеле “Банкноты і манеты”.

Паводле прэс-службы “Ахова птушак Бацькаўшчыны”


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: