Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

У Глыбокім з'явіцца помнік Леніну, бо «месца пустуе»

У той час, як Польшча праводзіць дэкамунізацыю, у Беларусі рыхтуюцца да адзначэння 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўстаноўцы помніка Леніну. Да гэтага ўсур’ёз рыхтуюцца ў Глыбокім, што на Віцебшчыне, паведамляе «Радыё Рацыя». 
Помнік Леніну ў двары трэцяй школы ў Глыбокім, які збіраюцца пераносіць у сквер (фота Канстанціна Бахіра)

Помнік Леніну ў двары трэцяй школы ў Глыбокім, які збіраюцца пераносіць у сквер (фота Канстанціна Бахіра)

Паводле мясцовага радыё, старшыня райвыканкама Алег Морхат падчас пасяджэння райвыканкама выказаўся пра значнасць рэвалюцыі і задаўся пытаннем: калі б не рэвалюцыя, то ці мела б Рэспубліка Беларусь суверэнітэт? 


Сціраецца з памяці гісторыя. Вы бачыце, як Польшча сцірае гісторыю, як сціраюць яе іншыя краіны. А за гэтым стаяць людзі, і будуць стаяць. І мы павінны памятаць пра іх. Колькі за гэты час у Глыбоцкім раёне, у Савецкім Саюзе загінула супрацоўнікаў… Мы плануем перастаноўку бюста Леніну ў сквер ля “зялёнага” магазіна. Калі вуліца носіць яго імя, уся прамысловая зона была адноўлена ў савецкія часы, то я ўнёс прапанову перанесці бюст з трэцяй школы, тым больш месца пустуе. Гісторыю трэба цаніць, як бы хто не ставіўся да Леніна, — мяркуе Морхат.

Алег Морхат даў указанні намесніцы старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяне Тарасевіч арганізаваць дэманстрацыю, канцэрт і прыцягнуць да гэтага ветэранаў.

Сквер на вуліцы Леніна ў Глыбокім, у якім мае паўстаць помнік Леніну...

Сквер на вуліцы Леніна ў Глыбокім, у якім мае паўстаць помнік Леніну...

У сваю чаргу Таццяна Тарасевіч сказала, што яшчэ плануецца арганізаваць вечар сустрэч для былых кіраўнікоў раёна і райкама партыі. Вось толькі ў звычайных глыбачанаў, як заўжды, забыліся запытацца, ці патрэбна ім гэта ўсё.



Каментаваць