У Беларусі з'явілася вуліца імя Уладзіміра Жылкі

Першая ў краіне вуліца ў гонар паэта запачаткаваная на яго радзіме — у Нясвіжы.
Уладзімір Жылка

Уладзімір Жылка


Да гэтай пары (хоць памёр паэт у 1933 годзе, а рэабілітаваны быў у 1960) не было ніводнай вуліцы, ніводнай установы культуры ці адукацыі ва ўшанаванне яго імя. А велічыня таленту, вышыня паэзіі, грамадзянская рупнасць паэта дзеля Радзімы несумненна заслугоўвалі таго.

Вось пра гэта і пісалася ад імя сяброў ТБМ у звароце да дэпутатаў Нясвіжскага райсавета. Амаль не было сумнення, што прапанова назваць адну з вуліц імем паэта будзе падтрымана. Рашэннем чарговай сесіі ад 18 верасня так і атрымалася.

Нарэшце ў год 120-гадовага юбілею песняра “змагання і красы” ў Нясвіжы, у яго заходняй частцы, запачаткавана вуліца Уладзіміра Жылкі: ужо падведзена электрычнасць, пракладваюцца камунікацыі. А неўзабаве возьмуцца за працу будучыя навасёлы.

Кароткі лёс выдаўся паэту — няпоўныя 33 гады, хоць меў ён такое “жывучае” прозвішча, аднакаранёва-сугучнае моцным беларускім словам “жыццё”, “жыхар”, “жыла”, “жылісты”. Хай жа цяпер ён прадоўжыцца ў шчаслівых лёсах жыхароў новай нясвіжскай вуліцы. 

Вуліца Уладзіміра Жылкі

Вуліца Уладзіміра Жылкі


Даведка

Уладзімір Жылка нарадзіўся 27 траўня 1900 года ў вёсцы Макашы на Нясвіжчыне ў сям'і сялян. Пачатковую адукацыю будучы паэт атрымаў у Міры, а ў 1914 годзе разам з сям'ёй пераехаў у Мінск, але застаўся там ненадоўга: падчас Першай сусветнай вайны сям'я Жылкаў збегла ў Тульскую губерню. У 1917 годзе Жылкі зноў вяртаюцца ў Мінск.

Да сакавіка 1920 года Жылка працаваў настаўнікам у 21-й мінскай беларускай пачатковай школе. Ён далучыўся да сталічнага культурнага руху, наведваў клуб "Беларуская хатка", сябраваў з Купалам, Бядулем, Чаротамі і іншымі літаратурнымі дзеячамі, сам друкаваўся ў мінскіх выданнях.

Уваходзіў у літаратурныя аб'яднанні "Маладняк" і "Узвышша".

19 ліпеня 1930 года Уладзімір Жылка быў арыштаваны ДПУ БССР па справе "Саюза вызвалення Беларусі" і ў наступным годзе асуджаны на 5 гадоў высылкі. Ва Уржуме Кіраўскай вобласці, дзе ён адбываў высылку, Уладзімір Жылка працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме, але неўзабаве памёр ад туберкулёзу лёгкіх у 1933 годзе. Пахаваны на мясцовых могілках, паэт быў рэабілітаваны толькі 19 верасня 1960.

Жылка паспеў напісаць шмат вершаў і выдаць некалькі зборнікаў.

Перакладаў на беларускую мову творы А. Блока, А. Міцкевіча, Ш. Бадлера і іншых паэтаў.

Паводле nesvizh-news.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: