У Беларусі з'явіўся чат-бот для ахвяр і сведак хатняга гвалту

Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту запусціла чат-бот.

Фота belsat.eu

Пра гэта паведамляе TUT.BY са спасылкай на сайт міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы».

З дапамогай чат-бота можна даведацца, як атрымаць дапамогу ў экстранай сітуацыі, знайсці прытулак або крызісны пакой, таксама праз яго можна даведацца адрасы і тэлефоны як дзяржаўных, так і грамадскіх арганізацый, якія дапамагаюць ахвярам хатняга гвалту.

Чат-бот ёсць у месенджары Telegram (назва бота «Дапамога пацярпелым ад хатняга гвалту» @HelpHotlineBot) і на сайце www.genderperspectives.by.

На сайце аб'яднання «Гендарныя перспектывы» тлумачаць, як карыстацца чат-ботам. Пасля націскання кнопкі «старт», ён прапануе выбраць від дапамогі, затым удакладняе рэгіён вашага пражывання — і выдае патрэбныя адрасы і тэлефоны. Бот інтэграваны з «Яндэкс.Карты», і калі вы захочаце даведацца, як дабрацца да тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, — ён пакажа гэты пункт на карце. Гэтая опцыя працуе цяпер пры праглядзе адрасу праз мабільны тэлефон.

Аднак з дапамогай робата не атрымаецца даведацца, дзе канкрэтна размяшчаецца крызісны пакой ці прытулак для ахвяр гвалту, таму што гэтыя месцы павінны забяспечыць бяспеку і канфідэнцыйнасць жанчын і іх дзяцей. Але праз гэты анлайн-сэрвіс можна атрымаць кантакты спецыялістаў, якія адказваюць за прадастаўленне прытулку.

Зносіны ў чат-боце ананімныя.



За сем гадоў працы агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801 паступіла больш за 13 тысяч званкоў. Большасць зваротаў — ад пацярпелых (78%), таксама на гарачую лінію тэлефануюць іх сваякі і сябры (19%). За ўвесь час працы сэрвісу паступіла 30 зваротаў ад агрэсараў. Паводле дадзеных гарачай лініі, 94% пацярпелых ад хатняга гвалту — жанчыны, 6% — мужчыны.

Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801 працуе штодня з 8.00 да 20.00, ананімна і канфідэнцыйна. Кожны апошні чацвер месяца з 14.00 да 18.00 на лініі сумесна з псіхолагам дзяжурыць прадстаўнік МУС. Паслугі гарачай лініі бясплатныя для абанентаў стацыянарнай сеткі. Званкі абанентаў мабільных аператараў аплачваюцца згодна з тарыфамі злучэння са стацыянарнай сеткай.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: