У Беларусі забаранілі прадаваць некаторую прадукцыю «Nivea». Гэтая кампанія адмовілася спансаваць хакейны ЧС

Пастанову на ўвядзенне часовых санітарных мер, якія забараняюць увозіць і распаўсюджваць у Беларусі асобныя найменні парфумерна-касметычнай прадукцыі гандлёвай маркі «Nivea», падпісаў 6 красавіка намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандар Тарасенка.
Як сцвярджае Мінздароўя, спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы выявілі шэраг парушэнняў, у тым ліку:

продаж прадукцыі без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку;

невыкананне яе тэрміну прыдатнасці;

адсутнасць з боку суб’ектаў гаспадарання вытворчага кантролю ў дачыненні да прадукцыі;

па асобнай прадукцыі «Nivea» выявілі «неадпаведнасць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу "Аб бяспецы парфумерна-касметычнай прадукцыі" ў частцы маркіроўкі (на ёй не было інфармацыі аб найменні і месцы знаходжання арганізацыi, якая прымае прэтэнзіі ад спажыўцоў, або назва прадукцыі не адпавядае яе складу інгрэдыентаў).

Агулам санітарна-эпідэміялагічная служба Беларусі забараніла рэалізацыю амаль 3 тысяч адзінак парфумерна-касметычнай прадукцыі розных вытворцаў, адзначае ведамства.

У студзені кампанія «Nivea» разам з кампаніямі «Liqui Moly», «Škoda» і «Tissot» адмовілася спансаваць чэмпіянат свету па хакеі, у выпадку, калі яго вырашаць праводзіць у Беларусі з прычыны палітычнай сітуацыі ў краіне і парушэнняў правоў чалавека. У выніку чэмпіянат свету перанеслі з Беларусі: ён пройдзе ў Рызе.

Паводле «Свабоды».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: