У Беларусі забілі зубра з асноўнага генафонду. Чаму гэта страшная страта

18 студзеня 48-гадовы кіраўнік мінскай прыватнай фірмы паляваў у Дзятлаўскім раёне на аленя, а застрэліў зубра-чырванакніжніка. Следчым паляўнічы патлумачыў, што пераблытаў. У Мінпрыроды ж перакананыя, што «зубра зблытаць з кімсьці немагчыма», паведамляе Еўрарадыё.
Навукоўцы спрабуюць забяспечыць выжыванне зуброў, і забіваць жывёл з асноўнага генафонду катэгарычна забаронена. Забойства зубра ў Дзятлаўскім раёне ставіць пад пагрозу існаванне мікрапапуляцыі з 18 буйных і моцных зуброў, адабраных, каб прынесці патомства, толькі ў 2018 годзе. Еўрарадыё разбіраецца, што здарыцца, калі забойствы зуброў з асноўнага генафонду працягнуцца.

У Беларусі не створана ні адной сапраўды буйной папуляцыі зуброў, што несла б у дастаткова поўным аб’ёме генетычны матэрыял жывёл — заснавальнікаў віду, што забяспечвала б магчымасць яго выжывання ў гістарычнай перспектыве. Стварэнне дзятлаўскай мікрапапуляцыі — спроба гэта выправіць. І вось аднаго з яе самцоў застрэлілі. Такіх выпадкаў у Беларусі не было некалькі гадоў.

«У мікрапапуляцыі навукоўцы ўсё прадумвалі да дробязяў»

Кансультантка аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова кажа, што забойства зубра з дзятлаўскай мікрапапуляцыі — гэта страшная страта для Беларусі, і тлумачыць, чаму:

«Гэтая мікрапапуляцыя была створаная толькі ў 2018 годзе з зуброў асноўнага генафонду. Каб жывёлы размнажаліся і прыносілі здаровае патомства, па рэкамендацыях навукоўцаў з НАН Беларусі ў яе адбіраліся моцныя i дужыя асобіны з жывёл асноўнага генафонду. Спачатку іх трымалі ў вальеры, каб зубры маглі адаптавацца да новага асяроддзя пражывання. У лістападзе выпусцілі ў дзікае асяроддзе».

Наколькі жыццяздольнай будзе папуляцыя, залежыць ад таго, які ў яе генафонд. Кожны зубр, які ўяўляе цікавасць у плане свайго генафонду, важны для гэтай папуляцыі.

«У біялагічным абгрунтаванні НАН Беларусі прапісана, колькі павінна быць зуброў-самцоў, колькі самак, які ўзрост, з якіх мікрапапуляцый іх збіраць. Усё прадумвалася да дробязяў. І тут атрымліваецца, што забіваюць зубра, які павінен быў зрабіць свой уклад у фарміраванне гэтай мікрапапуляцыі. Для нас гэта вельмі вялікая страта», — кажа прадстаўніца Мінпрыроды.

«Сітуацыя страшная — забілі чырванакніжнага зубра. 18 асобін, якія жылі ў Дзятлаўскім раёне, — гэта яшчэ не мікрапапуляцыя. Мікрапапуляцыя — не менш за 50 асобін з выразнай тэндэнцыяй павелічэння гэтай колькасці, а не дэградацыі. Мінпрыроды вельмі заклапочанае гэтай гісторыяй. Як мінімум за апошнія тры гады гэта першы выпадак», — дадае яна.

«Спадзяюся, гэта будзе павучальны выпадак»

Па факце незаконнага палявання на зубра, якое прывяло да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры (яна склала не менш за 400 базавых велічынь — 10 200 рублёў), распачатая крымінальная справа. Паляўнічы стаж падазраванага — 30 гадоў.

«Спадзяюся, гэта будзе выключны і павучальны выпадак, — кажа Таццяна Жалязнова. — Не ўпэўнены, куды страляеш, — не варта страляць. Мне незразумела, як такое магло адбыцца. Зубр — дастаткова буйная жывёліна, не ўбачыць яго ці зблытаць з кімсьці немагчыма. Мы выступаем за пакаранне, таму што гэта чырванакніжны від, які знаходзіцца на мяжы знікнення. Гэта ненармальна, калі скарачэнне колькасці жывёл з Чырвонай кнігі адбываецца не ў выніку натуральных эвалюцыйных працэсаў, а па нашай віне».

Паляваць на зубра ў Беларусі можна, але з вялікімі агаворкамі

Таццяна Жалязнова нагадвае, што зубр — чырванакніжная жывёла, але ў 90-х гадах яму быў нададзены так званы бінарны статус. C тых часоў пагалоўе дзеліцца на асноўны генафонд (калі жывёла ўяўляе цікавасць для падтрымання роду) і рэзервовы (хворыя зубры, з траўмамі, небяспечнымі для жыцця, самкі, старэйшыя за 18 гадоў, самцы, старэйшыя за 14, і некаторыя іншыя). Апошніх у краіне не вельмі шмат. Штогод рэзервовы генафонд павялічваецца на 10-12 зуброў максімум. Паляваць на іх можна, але толькі з дазволам. Трохдзённы паляўнічы тур на зубра для замежнікаў каштуе 6365 еўра.

Пры ўсім жаданні зблытаць зубра з іншымі жывёламі досыць складана

Пры ўсім жаданні зблытаць зубра з іншымі жывёламі досыць складана

У Мінпрыроды кажуць, што сродкі, атрыманыя ад паляўнічых, дапамагаюць трымальнікам мікрапапуляцыі падтрымліваць далей гэты статак. У 2016 годзе ў Беларусі былі забітыя 18 такіх зуброў, у 2017-м — 11, а ў 2018-м — ужо 33.

«Гэта няшмат, — дадаюць у ведамстве. — Але забіваць жывёл з асноўнага генафонду катэгарычна забаронена».

12 зуброў у 1940-х гадах, 1779 — у 2018-м...

Аднаўленнем колькасці зуброў у Беларусі пачалі займацца яшчэ ў 1940-х гадах. З Польшчы да нас было ўвезена 12 асобін. На пачатак студзеня 2018 года, паводле дадзеных Мінпрыроды, у краіне налічваецца ўжо 1779 зуброў.

Сёння ад поўнага знікнення зубр выратаваны. У той жа час від не пазбаўлены ад пагрозы вымірання, паколькі не створана ніводнай сапраўды буйной папуляцыі (500 і больш эфектыўных асобін).

Акрамя таго, як указваецца ў Дзяржпраграме па ахове навакольнага асяроддзя на 2016–2020 гады, пры стварэнні малых па ліку жывёлін папуляцый адбывалася блізкароднаснае скрыжаванне (імбрыдынг). З гэтай прычыны генетычны патэнцыял сучасных зуброў моцна збяднеў, адзначаецца павышаная ўспрымальнасць жывёл да розных захворванняў, прыкметы выраджэння зуброў белавежскай лініі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!