У Беларусі зацверджаны яшчэ адзін смяротны прысуд

Сёння, 31 студзеня, у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме разглядалася апеляцыйная скарга Віктара Сергеля і Наталлі Колб на смяротны прысуд.

Віктар Сергель. Фота TUT.BY

31 студзеня Cудовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда ў закрытым рэжыме разгледзела апеляцыйную скаргу Віктара Сергеля і Наталлі Колб на смяротны прысуд, вынесены Брэсцкім абласным судом 25 кастрычніка 2019 года.

48-гадовага мужчыну і 26-гадовую Наталлю Колб прызналі вінаватымі ў групавым забойстве заведама малалетняй з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў (ч.2 арт. 139 КК РБ). Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.

ПЦ “Вясна” паведамляе, што ў суд прывезлі толькі Віктара Сергеля. На яго прысуд падалі апеляцыю адвакаты, адзначае TUT.BY, сам мужчына не аспрэчваў прысуд. На прысуд жа Наталлі Колб пісалі скаргу і яе абаронцы, і яна сама.

Дзяржабвінаваўцам па справе выступае прадстаўнік Генпракуратуры Аляксандр Мірончык.

Працэс быў абвешчаны закрытым. Журналістаў адразу ж папрасілі пакінуць судовую залу. У якасці гледача застаўся толькі бацька забітай дзяўчынкі і муж абвінавачванай Леанід, паведамляе TUT.BY. Яму цяжка даецца размова. На пытанне аб тым, які быў матыў у абвінавачаных і што яны казалі ў апошнім слове, мужчына адказаў: "Не хачу гаварыць. Так, [следства высветліла гэта], але казаць пра гэта я не хачу", — адказаў пацярпелы.

У 12.30 суд агучыў сваё рашэнне наконт апеляцыі: «Прысуд абласнога суда пакінуць без зменаў, а апеляцыйныя скаргі — без задавальнення, — абвясціў старшыня суддзя Руслан Аніскевіч. — Абвінавачаны, вы маеце права падаць хадайніцтва аб памілаванні на імя прэзідэнта». 

***

25 кастрычніка 2019 года Брэсцкі абласны суд — суд першай інстанцыі — асудзіў Віктара Сергеля да смяротнага пакарання. Гэта быў першы смяротны прысуд у Брэсцкай вобласці за апошнія 10 гадоў.

Трагедыя адбылася ў Лунінцы ў мінулым годзе, нагадвае spring96.org. Увечары 27 кастрычніка 2018 года бацька дзяўчынкі вярнуўся дадому і знайшоў труп дачкі. У гэты час у кватэры знаходзіліся 25-гадовая маці дзіцяці Наталля і яе 47-гадовы знаёмы Віктар. Абодва былі п'яныя, паведамляў СК. Экспертыза выявіла ў маці 1,6 праміле этылавага спірту ў крыві, у мужчыны — 1,2.

Па версіі абвінавачвання, у той дзень яны «беспадстаўна, з хуліганскіх памкненняў» забілі васьмімесячную дзяўчынку. Злачынства яны здзейснілі з асаблівай жорсткасцю «спосабам, заведама спалучаным з прычыненнем асаблівых пакут». На целе дзіцяці выявілі сляды ад не менш 46 траўматычных уздзеянняў. Паводле інфармацыі TUT.BY, дзіцяці абезгаловілі.

 Паводле tut.by, spring96.org

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: