У беларускіх крамах зноў з'явіліся глобусы з «расійскім Крымам»

Глобусамі, на якіх Крым пазначаны ў складзе Расіі, а Абхазія і Паўднёвая Асеція адасобленыя ад Грузіі, зноў гандлююць у беларускіх крамах. Глобусы са звесткамі, якія супярэчаць пазіцыі афіцыйнага Мінску, заўважаны на паліцах другі раз за два гады, піша «Радыё Свабода».

Глобус з «расійскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў (архіўнае фота Радыё Свабода)


Два гады таму ў беларускім продажы з’явілася такая прадукцыя польскай вытворчасці, а цяпер — расійскай. У Беларусі глобусы не вырабляюць, даведалася “Радыё Свабода”.

Чаму прадаюць прадукцыю, не згодную з беларускай пазіцыяй

У Магілёве глобусы з «расійскім Крымам» заўважыў ва ўнівермагу блогер Яўген Глушкоў.

«Я хачу, каб такія дэструктыўныя матэрыялы прыбралі з крамаў нашага гораду», — кажа ён.


У адміністрацыі ўнівермагу на пытанне, чаму ў іх прадаецца такая прадукцыя, паабяцалі адказаць пісьмова. У прыватных жа гутарках супрацоўнікі крамы тлумачаць, што вырабляецца яна ў Расіі.

«Глобус — сувенірная прадукцыя, дакументы пацвярджаюць гэты статус. Такая прадукцыя рэалізуецца ў кожным рэгіёне Беларусі, таму мы з усімі гандлёвымі аб’ектамі ў роўных умовах і не парушаем заканадаўства і правілаў гандлю», — казалі ва ўнівермагу.

Такія самыя глобусы, як у Магілёве, прадаюцца і ў сталічных крамах канцылярскіх тавараў.

Якая афіцыйная пазіцыя Беларусі па Крыме, Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі

На дзяржаўным узроўні Беларусь не прызнала анэксіі Крыму і незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі. Пра гэта не аднойчы заяўляў Аляксандр Лукашэнка, удакладняла пазіцыю ў гэтым пытанні і Міністэрства замежных спраў.

«Украіна мае быць адзінай. Мы, беларусы, у гэтым зацікаўленыя, і асабіста я», — казаў Аляксандар Лукашэнка ў 2014 годзе на інаўгурацыі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Глобус з Крымам у складзе Украіны (архіўнае фота Радыё Свабоды)


Мінгандлю рэкамендавала пазбягаць продажу прадукцыі, дзе Крым пазначаны як тэрыторыя Расіі

Галоўная рэдактарка РУП «Белкартаграфія» Галіна Ляхава патлумачыла “Свабодзе”, што глобусаў прадпрыемства не выпускае, а вось на ўсіх мапах Крым пазначаны як тэрыторыя Украіны.

«Па рэкамендацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі мы паказваем Крым у складзе Украіны. То бок, тое, што не прызнаецца Генеральнай асамблеяй ААН, МЗС і ўрадам Беларусі, мы адлюстроўваем як украінскую тэрыторыю. У сувязі з тым, што і да нас звяртаюцца з пытаннем пра пазначэнне Крыму на глобусах, Міністэрства гандлю рэкамендавала ўсім гандлёвым аб’ектам пазбягаць продажу прадукцыі, дзе Крым пазначаны як тэрыторыя Расіі», — сказала “Свабодзе” прадстаўніца «Белкартаграфіі».

Паводле яе, паўплываць на сітуацыю з продажам глобусаў з расійскім Крымам можа «тое ж Міністэрства гандлю, бо яму даведзена такая ж устаноўка, што і нам».

«Калі мы ствараем вучэбныя атласы, мапы, мы робім прыпіску: “Генеральная асамблея ААН не прызнае змянення статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым”. Так што прыпісачка такая ёсць», — сказала Галіна Ляхава.

Калі б была замова Мінадукацыі на выраб глобусаў, Крым падпісвалі б гэтак жа, як і на мапах — як тэрыторыю Украіны, запэўніла “Свабоду” галоўная рэдактарка «Белкартаграфіі».

«Наладзьце выраб беларускіх глобусаў»

Тым часам Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» запатрабавала ад Міністэрства адукацыі забараніць продаж глобусаў і іншай картаграфічнай прадукцыі са звесткамі, якія супярэчаць афіцыйнай пазіцыі Рэспублікі Беларусь. Партыйцы даводзяць: такія глобусы і мапы выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе і ўводзяць у зман беларускіх грамадзян. Сацыял-дэмакраты патрабуюць наладзіць выраб глобусаў у Беларусі.

Старшыня партыі Ігар Барысаў чакае ад Міністэрства, што яно дасць навучальным установам рэкамендацыі наконт выкарыстання глобусаў «з не беларускай пазіцыяй».



Вітрына магілёўскай кнігарні (архіўнае фота "Радыё Свабода")


У 2016 годзе «небеларускія глобусы» зніклі з продажу

У 2016 годзе Ігар Барысаў ужо дамагаўся, каб з продажу знялі прадукцыю, звесткі, якой не адпавядалі афіцыйнай пазіцыі Беларусі. Тады гандляры адказнасць за глобусы «з расійскім Крымам» ускладалі на вытворцу — польскую фірму «Zachem-Głowala».

На запыт “Свабоды” яе дырэктар Кшыштаф Главала аргументаваў выраб такой прадукцыі тым, што фірма працуе з расійскімі партнёрамі, а «расійскі ўрад зацвердзіў Крым як тэрыторыю Расіі». Паводле яго, гэтыя глобусы не мелі патрапіць на беларускі рынак, аднак ягоныя беларускія кліенты самі выбіралі, якую прадукцыю набываць.

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Игорь
  • 2018-09-15 09:57:59
Насколько я понимаю, это право каждого белоруса самостоятельно решать, кому принадлежит Крым.
Право каждого предприятия и магазина.
Нет закона, по которому магазины не имеют право продавать такие глобусы.
Я вот считаю, что Крым - это территория России.
А нынешнюю власть Украины я не признаю легитимной.
Для единственный настоящий президент Украины - это Янукович.
В Беларуси это не является преступлением и не запрещается никакими законами.
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: