У беларускіх птушак з’явіліся нумары тэлефонаў

Беларусь стала першай краінай у свеце, дзе ў птушак з'явіліся персанальныя нумары тэлефонаў. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і кампанія А1 прапануюць людзям выйсці на сувязь з прыродай у літаральным сэнсе. Каб пачуць спевы птушак, дастаткова патэлефанаваць па спецыяльных нумарах.
Першыя ўласныя нумары з’явіліся ў вялікага голуба, малінаўкі, шчыгла, салаўя, гіля, чорнага дразда, берасцянкі, сіняй сініцы, крапіўніка, шэрай кугакаўкі. Выбралі іх невыпадкова. Гэта самыя распаўсюджаныя ў Беларусі і самыя пазнавальныя птушкі, якіх можна пабачыць у парках, а часам і наўпрост з акна сваёй кватэры. Многія раней чулі гэтыя галасы, але не ўсе ведалі, каму яны належаць.

«У Беларусі налічваецца 332 віды птушак, 70 з іх уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Птушкам патрэбная ўвага, дапамога і абарона. Мы ўпэўненыя, што гэты сервіс будзе нагадваць пра каштоўнасць дзікай прыроды. Больш за тое, такія званкі будуць цікавыя і на ўроках біялогіі ў школах. Каб паказаць, як спяваюць птушкі, настаўнік зможа проста пазваніць ім», — распавядае Наталля Саракавік, спецыялістка па акцыях і кампаніях АПБ.

Званок на ўсе 10 нумароў бясплатны для абанентаў А1, за выключэннем тых, хто знаходзіцца ў роўмінгу. Адметна яшчэ, што перад тым, як пачуць голас птушкі па тэлефоне, вас павітаюць «птушыныя сакратары». Імі выступілі акцёры Купалаўскага тэатра Раман Падаляка і Крысціна Дробыш.

«Праект “Выйдзі на сувязь з прыродай” працягвае актыўнасці А1 у сферы экалогіі. Мы лічым вельмі важнымі экасвядомасць і беражлівае стаўленне да прыроды. А званкі птушкам даносяць гэты мэсэдж да беларусаў усіх узростаў у цікавай і захапляльнай форме. Таму мы з радасцю адгукнуліся на прапанову “Аховы птушак Бацькаўшчыны», — расказвае кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.

Праект «Выйдзі на сувязь з прыродай» з’явіўся дзякуючы ініцыятыве Крэатон. Яна аб’ядноўвае крэатараў, дызайнераў, менеджараў і стратэгаў дзеля таго, каб дапамагчы сацыяльным ініцыятывам заявіць пра сябе ў грамадстве. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» была кліентам чацвёртага Крэатона, на якім каманда крэатыўнага лідара Алега Давыдчыка прапанавала навучыць беларусаў адрозніваць птушак па іх галасах.

Як кажа шчыгел? Як спявае малінаўка? Каб пачуць адказ, цяпер дастаткова патэлефанаваць па адным з нумароў:

+375445006610 Шэрая кугакаўка

+375445006611 Чорны дрозд

+375445006612 Салавей

+375445006613 Вялікі голуб

+375445006614 Гіль

+375445006615 Сіняя сініца

+375445006616 Чорнагаловы шчыгел

+375445006617 Малінаўка

+375445006618 Берасцянка

+375445006619 Крапіўнік

Заставайцеся на сувязі з прыродай! 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: