У Беластоку з’явіцца Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі

У Беластоку будзе створаны Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі. Міністр Ян Дзедзічак падчас візіту ў Беласток сустрэўся з прадстаўнікамі Падляшскага аддзялення Асацыяцыі «Польская супольнасць» і Рэгіянальнага цэнтра міжнародных дэбатаў. Яго суправаджаў Ян Бадоўскі, дырэктар Дэпартамента супрацоўніцтва з польскай дыяспарай і палякамі за мяжой, распавядае «Радыё Рацыя».

Кажа паўнамоцны прадстаўнік ўрада польскай дыяспары і палякаў за мяжой, міністр Ян Дзедзічак:

— Мы ведаем пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, з якімі рэпрэсіямі сутыкаюцца нашы суайчыннікі ў гэтай краіне, і Польшчы гэта не абыякава. Польшчы не ўсё роўна тое, што адбываецца ў нашай усходняй суседцы. Нам не абыякавыя падзеі ў краіне, якая з’яўляецца найбліжэйшай да нас, народ беларускі з’яўляецца бліжэйшым народам для палякаў.

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі вылучыў вялікія рэзервы ў памеры 50 мільёнаў злотых, каб дапамагчы беларускім грамадзянам, якія пацярпелі ад рэжыму, знайсці сябе ў нашай краіне — для іх арганізаваны месцы ва ўніверсітэтах і месцы падвышэння кваліфікацыі.

У Беластоку будзе створаны Цэнтр, дзе ўсе палякі, якія пражываюць у Беларусі, і перш за ўсё ў Гарадзенскай вобласці, якія вырашаць пераехаць у Польшчу, змогуць атрымаць інфармацыю пра тое, як акліматызавацца ў Польшчы, атрымаць дапамогу, даведацца пра магчымасці і ўмовы знаходжання ў Польшчы.

Намеснік міністра адукацыі і навукі Дарыюш Пянткоўскі падтрымаў ідэю, каб Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі знаходзіўся як мага бліжэй да мяжы з Беларуссю:

— У гэтай складанай сітуацыі для палякаў з Гародні, Ліды і іншых месц Беларусі, гэтая дапамога мусіць быць як мага бліжэй да мяжы з Беларуссю. Таму Беласток з’яўляецца натуральным месцам для аказання такой дапамогі. Мы маем кантакты з прадстаўнікамі польскай меншасціна на Ўсходзе. Хочам, каб гэтая дапамога дайшла да ўсіх, хто найбольш яе патрабуе. Маем надзею, што гэты пункт дапамогі палякам пачне як мага хутчэй дзейнічаць. І ў Беласток трапіць група палякаў з Беларусі, частка з іх шукае тут магчымасць вучыцца, частка — хоча працаваць, частка — застацца тут жыць. І гэтая дапамога накіраваная на тое, каб яны змаглі сябе тут добра адчуваць.

Падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі нагадаў, што рэгіён супрацоўнічае з Беларуссю, але з-за бягучай палітычнай сітуацыі ў суседняй краіне, супрацоўніцтва пагасла:

— З другой паловы 2017 года мы выдалі больш за 5700 картаў паляка. У той момант, калі дзейнасць нашых консульскіх і дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі істотна абмежаваная, мы хочам выконваць дадатковую функцыю. Беластоку адводзіцца роля сувязнога ланцугу паміж Польшчай і палякамі, якія вырашаць пакінуць Беларусь.

Акрамя гэтага гарантавана далейшая падтрымка незалежных беларускіх СМІ. Пра гэта заявіў паўнамоцны прадстаўнік ўрада польскай дыяспары і палякаў за мяжой, міністр Ян Дзедзічак:

— Урад распачаў падтрымку і «Белсату», і «Беларускага Радыё Рацыя». Дзякуючы партыі «Права і справядлівасць» і ўраду яны атрымалі фінансаванне, бо раней не было на гэта сродкаў.

Па словах Яна Дзедзічкі, Польшча ў адказ на рэпрэсіі ў дачыненні да палякаў на тэрыторыі Беларусі, гатовая да ўсіх сцэнароў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: