У Берасці адбылася прэзентацыя кніжкі «НКВД забіваў у Курапатах…»

На сустрэчу з аўтарам ілюстраванага выдання, што на пачатку ліпеня выйшла ў сталічным выдавецтве Змітра Коласа накладам у 1 тысячу паасобнікаў, сабраліся грамадскія актывісты з Берасця і Кобрыну, правааабаронцы, журналісты і мясцовыя жыхары – праціўнікі заводу акумулятарных батарэяў у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце».  
Аўтар распавёў пра гісторыю Курапатаў і сітуацыю вакол Народнага мемарыялу, пра захады грамадскасці па ягонаму захаванню, адказаў на шматлікія пытанні, падпісаў сваю кніжку не толькі ўдзельнікам сустрэчы, але і тым берасцейцам, якія пратэстуюць супраць заводу АКБ і, такім чынам, бароняць свой горад і ягоных жыхароў ад шкодных выкідаў гэтага прадпрыемства.  

Затым на прамысловай пляцоўцы “Аэрапорт” СЭЗ “Берасце” адбылася сустрэча з берасцейцамі, якія нясуць кругласуткавае дзяжурства каля заводу АКБ з фота- і відэафіксацыяй ягонага стану да таго часу, пакуль прадпрыемства не будзе зачынена.
Аўтар выказаў падзяку ўдзельнікам гэтага грамадзянскага і патрыятычнага чыну, што сведчыць пра вялікі патэнцыял беларускай грамадзянскай супольнасці ў адстойванні сваіх правоў.
Вынікі прэзентацыі пракаментаваў вядомы берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

«Тэма злачынстваў НКВД за жывое чапляе берасцейцаў, бо да гэтай пары невядомы лёс каля 20 тысяч гараджанаў, якія зніклі пад час Другой сусветнай вайны, а можа з 1939 па 1941 гады, калі праз Берасце пракацілася чатыры хвалі дэпартацыі тутэйшых жыхароў. У Курапатах таксама забівалі берасцейцаў. Я пераканы, што без пакаяння чырвона-рудых перспектыва эвалюцыі з’яўляецца праблематычнай. Злачынствы таталітарных рэжымаў трэба раскрываць, каб яны не паўтараліся. У Берасці ж улады намагаюцца злачынствы НКВД схаваць за злачынствамі нацыстаў. Але і пра Берасцейскае гета чыноўнікі выдаюць дазаваную інфармацыю, а парэшткі са знойдзеных у горадзе расстрэльных ямаў мясцовых габрэяў пераносяць як мага далей ад людскіх вачэй. Пры гэтым улады маўчаць пра супольны парад у Берасці Чырвонай арміі і Вермахта ў 1939-м, а таксама пра рэпрэсіі НКВД. Але берасцейцы ўсё памятаюць і хочуць поўных і дакладных звестак пра ўсе гэтыя падзеі».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!