У Берасці актывіста судзяць за адмову сведчыць супраць блогера Сяргея Пятрухіна

20 верасня ў судзе Ленінскага раёна Берасця пачаўся суд над працаўніком будаўніцтва акумулятарнага завода Змітром Андрасюком, інфармуе «Радыё Свабода».

Дзмітрыя Андрасюка судзяць па артыкуле 402 КК «Адмова альбо ўхіленне ад дачы паказанняў»).

Дзмітрый знаходзіцца на волі, але гатовы да арышту, таму прыйшоў на суд з пакетам неабходных рэчаў. Справу берасцейскага актывіста разглядае суддзя Аляксандр Семянчук.

Мужчыну абвінавачваюць у адмове дачы паказанняў па крымінальнай справе супраць берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна (арт. 402 КК — «адмова альбо ўхіленне сведкі або пацярпелага ад дачы паказанняў»). Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф, папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў альбо арышт.

14 красавіка Кастрычніцкі суд Магілёва абвінаваціў блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса) ды знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Пятрухіна асудзілі яшчэ за абразу суддзі Берасцейскага абласнога суда Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК).

Суддзя Вольга Краўчанка пакарала мужчын трыма гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Віны блогеры не прызналі. Рашэннем суда кожнага з падсудных таксама абавязалі выплаціць па 750 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле следства, зняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.

Беларускія праваабаронцы прызналі блогераў палітвязнямі.

Сяргей Пятрухін сёння адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 3 на Віцебшчыне, Аляксандр Кабанаў — у ПК № 1 у Наваполацку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: