У Брэсце актывісты сабралі подпісы за здароўе

У міжнародны Дзень здароўя прадстаўнікі грамадскасці збіралі подпісы за павышэнне якасці і даступнасці аховы здароўя ў Брэсце.
Актывісты кампаніі "За здароўе"

Актывісты кампаніі "За здароўе"

За паўтары гадзіны каля 200 подпісаў было сабрана актывістамі кампаніі «За здароўе» на вуліцы Савецкай у Брэсце.

«Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання (арт. 45). На працягу паўгода на аснове аналізу адкрытых дадзеных і меркаванні жыхароў Брэста мы правялі маніторынг стану сістэмы аховы здароўя ў горадзе. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што вышэйзгаданыя становішча Асноўнага закона гараджане не могуць рэалізаваць у поўнай меры або своечасова. Таму мэта кампаніі «За здароўе» — гэта павышэнне якасці і даступнасці аховы здароўя ў Брэсце», — каментуе сітуацыю кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.

«Абсалютная большасць жыхароў нашага горада станоўча ўспрынялі нашы ініцыятывы і падпісваюць зварот. Усе пажаданні і нараканні да сістэмы аховы здароўя, якія намі былі пачутыя падчас збору подпісаў, ужо ўлічаны ў нашым звароце. Мы спадзяемся, што рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады таксама не застануцца абыякавымі да вельмі сур'ёзных праблем у нашым горадзе. На працягу 6 месяцаў мы вывучалі праблемы аховы здароўя ў Брэсце. Затым на аснове прапаноў жыхароў Брэста, Брэсцкага раёна, аналізу публікацый у СМІ і сацыяльных медыя, мы падрыхтавалі зварот у рэспубліканскія органы ўлады. Брэсту патрэбныя новыя лякарні і паліклінікі, пераабсталяванне устаноў аховы здароўя сучасным дыягнастычным і фізіятэрапеўтычным абсталяваннем. Неабходна спецыяльная стратэгія па прыцягненні медыцынскіх
работнікаў. Мы запрашаем далучыцца да збору подпісаў. Ужо дзесяткі берасцейцаў адгукнуліся на нашу прапанову» — заклікае жыхароў горада лідэр гарадской арганізацыі сацыял-дэмакратаў і доктар палітычных навук Ганна Канюс.

Ганна Канюс

Ганна Канюс

Ініцыятарамі кампаніі «За здароўе» з'яўляюцца прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), кампаніі «Права выбару», некамерцыйных арганізацый «За свой горад», «РОЎНАСЦЬіСПРАВЯДЛІВАСЦЬ», жыхары абласнога цэнтра.



Спампаваць падпісны ліст можна па спасылцы. Электронную петыцыю можна падпісаць тут.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: