У Брэсце бацькі пратэставалі супраць звальнення дырэктаркі школы-садка, якая вывесіла на выбарах правільны пратакол

Паводле яго, за Ціханоўскую прагаласавалі амаль у тры разы больш выбаршчыкаў, чым за Лукашэнку.
4-га жніўня быў апошні дзень працы ў яслях-садку № 10 дырэктаркі ўстановы Алены Буглаевай, якая была старшынёй выбарчай камісіі на жнівеньскіх скандальных выбарах прэзідэнта. Паводле афіцыйнай версіі, спадарыня Буглаева звальняецца па ўласным жаданні. Відавочна, гэта няпраўда, бо разам з дырэктаркай з салідарнасці звальняюцца дзве яе намесніцы, Людміла Марчук і Жанна Залюбіч.
Бацькоў перапаўняе раздражненне і гнеў. Градус у сацсетках зашкальвае. У суботу а 12-й каля ўстановы на вуліцы Абаронцаў Айчыны 1а сабраліся больш за сто жанчын і мужчын. Многія з дзецьмі, асобамі і групамі падтрымкі. Мікрараён гэта малады, і людзі неабыякавыя.
“Пры чым тут наша дырэктар, – абураюцца яны. – прагаласавалі як прагаласавалі, яна проста зрабіла па праўдзе. Яна заўсёды так робіць. Не ўсе ж будуць падрабляць пратаколы, як іншыя. Хай вяртаюць нам нашага дырэктара!”

Менавіта такія надпісы былі на плакатах, якія ўдзельнікі мітынгу вывесілі на агароджу.
Прысутная (патрульны аўтамабіль і УАЗ-PATRIOT) міліцыя гэтым разам ці не спачувала маніфестантам. Не гучала рытуальных ужо папярэджанняў пра незаконнасць масавай акцыі. Падпалкоўнік хоць і з пісталетнай кабурой на пасе, але спрабаваў размовамі зразумець, чаго дабіваюцца людзі.
Бацькі спадзяваліся, што да іх выйдзе Алена Буглаева. Але выйшла намесніца загадчыка Маскоўскага аддзела адукацыі. Яна паўтарыла афіцыйную версію, маўляў, сама пайшла. На што чыноўніцу закідалі едкімі пытаннямі, маўляў, мы ж не дзеці, навошта настаўнікаў ублытваюць у злачынныя схемы, дзеля чаго выбарчыя ўчасткі садзяць акурат у школах, як улады збіраюцца жыць з гэтым далей. Спыталі, што яна робіць тут у суботу, свой выходны дзень. Нехта выказаў меркаванне, што цяпер ім прышлюць дырэктара з Расіі, магчыма нават з “Раша тудэй”. Абурэнне выклікала прапанова чыноўніцы зняць з агароджы плакаты. “Гэта ўсё наша, мы вас утрымліваем”, – крычалі людзі. – “Больш ні капейкі на рамонты!”
Адзін з прысутных працытаваў старшыню гарвыканкама Аляксандра Рагачука, які ў сваім тэлеграм-акаўнце выказаў шкадаванне аб сыходзе Алены Баглаевай. Маўляў, добрага спецыяліста губляем. “Дык хто вас прымушае яго губляць? Раскідвацца кадрамі?? Зашмат у вас добрых?” – спытаў ён прадстаўніцу райаддзела адукацыі.

Былі сярод мітынгоўцаў і супрацоўнікі ясляў-саду. “Не ведаем, чаго цяпер чакаць, – сказала адна з выхавацелек. – Настаўніцкія калектывы вельмі залежаць ад таго, які кіраўнік. Мы нашу дырэктарку любім. Будзем пісаць лісты ў яе абарону”.

Прысутныя таксама вырашылі ў панядзелак арганізавана адаслаць лісты ў інстанцыі, ад якіх залежыць кадравая палітыка ўстаноў адукацыі. Таксама яны дзякавалі журналістам. Тыя адклікнуліся сапраўды масава.

Паводле незалежных назіральнікаў, у Брэсце былі яшчэ як мінімум 6 выбарчых участкаў з правільнай арыфметыкай пратаколаў. Звальненне былой старшыні камісіі, якая засведчыла найбольш неспрыяльны для Аляксандра Лукашэнкі вынік, само па сабе трымае ў напрузе берасцейцаў, але яно можа быць пачаткам ланцуговай рэакцыі расправаў з "вінцікамі" і "шрубкамі" сістэмы, якія адмовіліся займацца суладным круцельствам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: