У Брэсце дэманстрацыю пратэсту разагналі вадамётам (фота)

Пратэстоўцы ў Брэсце 13 верасня наўзамен заблакаванай сілавікамі плошчы Леніна занялі скрыжаванне праспекту Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Адказам быў прыезд «касманаўтаў» і прымяненне спецсродкаў.



Да гэтага дэманстрацыя мела выключна мірны характар. Тысячная калона пасля чарговай трэцюю нядзелю запар безвыніковай спробы трапіць на цэнтральную плошчу пайшла вуліцамі цэнтру. Хутка яна павялічылася ў разы. Слоганы і крычалкі былі звыклыя, але дадалося і крэатыву. Калі праходзілі міма псіханеўралагічнага дыспансера, крычалі «Саша, выходи!», а пры гарадской лазні прагучала шматкратнае «Саша, иди в баню!»
У калоне былі берасцейцы ўсіх узростаў. Дзясяткі былі поўнай сям’ёй або з малымі дзецьмі. Пратэстоўцаў віталі з месцаў працы і з вокнаў.

Плакаты былі самага рознага зместу, ад карнавальнага «Піраты з вамі», які трымала дзяўчына ў сапраўдным пірацкім касцюме, да «Не забудзем, не даруем!» з фота загінулых ад рук так званых «сілавікоў» беларусаў.
Па дарозе план дэманстрантаў некалькі разоў мяняўся. Відавочна, у іх не было кіравання, усё праходзіла імправізавана.

Пасля прымянення вадамёта калона рассеялася. Але пасля 18-й частка пратэстоўцаў вярнулася. Супраць іх выступілі шэрагі спецлюдзей у цяжкай экіпіроўцы. Тэлеграм-каналы паведамілі пра кропкавыя затрыманні.
Блакаванне руху транспарту магло быць рэакцыяй пратэстоўцаў на ігнараванне іх голасу з боку афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі ды ўладаў. Але гэта магла быць і тонкая правакацыя сілавога блока, каб мець падставу больш радыкальна «разабрацца» з вулічнай дэмакратыяй. Сярод тысяч не вельмі знаёмых людзей лёгка згубіцца «ціхушнікам»-правакатарам і пачаць працаваць на сваю карысць. Гэтая версія добра карэлюецца і з надзвычай ціхмянай рэакцыяй міліцыі і АМАП напачатку.

Калі першае, то сітуацыю можна даволі лёгка паправіць. Для гэтага ўладам трэба наладзіць дыялог з грамадзянамі. Калі другое, то гэта будзе бачна па дзеяннях «сілавікоў» на наступных акцыях. І па маўчанні мясцовай улады. І гэта шмат горш, бо канфлікт заганяецца ўнутр і непазбежна будзе мець вынікам радыкалізацыю.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: