У Брэсце гучаць выбухі і ўжыты газ супраць тысяч пратэстоўцаў (фота)

Вечарам 10 жніўня — наступнага пасля выбараў дня — на вуліцах «1000-гадовага і маладога» Брэста зноў тысячы пратэстоўцаў. Цэнтр горада заблакаваны з боку вуліцы Піянерскай перад Трышынскімі могілкамі.

Блакіроўка цэнтра Брэста экіпажамі ДАІ

Блакіроўка цэнтра Брэста экіпажамі ДАІ


Сотні аўто гудуць, ДАІ не можа ім даць рады. Зрэдку прапускаюць паасобныя аўто, мабыць, жыхароў Трышынскага прадмесця. 


З’езд з боку Кобрынскага моста таксама перакрыты міліцэйскімі аўто. Праспект Машэрава каля дзясятай вечара зноў стаў шматлюдным — шпацыруе збольшага моладзь. Раптам чуюцца выбухі, паўзе шызы дым. З’яўляецца самкнутая калона так званых “касманаўтаў” у амуніцыі.

Настрой прысутных рэзка мяняецца. Яны звяртаюцца да шараговых міліцыянтаў, якія стаяць на праезнай частцы. Гучаць папрокі, пытанні, нашто і дзеля каго яны ідуць супраць уласнага народа, чуюцца заклікі пераходзіць на бок сваіх, як тое зрабілі калегі, — і пералічваюцца гарады, дзе так здарылася.

Некаторыя, наадварот, раззлаваныя. Адна так званая “канторка” неабачліва пад’ехала занадта блізка да фронту моладзі, выхапіла кагосьці. Хлопцы кінуліся на абарону, ледзь не перакулілі машыну, білі па ёй рукамі. Машына рванула з месца і мала не ўчыніла наезд, як тое было ў Мінску. У бок карэ “касманаўтаў” паляцелі камяні. Нехта крычаў праз выбухі, пагражаў, што калі што-небудзь здарыцца з кім, то мала не будзе…

Зразумела, што трэба сядаць за перамовы. Як-ніяк, гэта нашы вуліцы, плошчы, нашы — хоць і дарослыя ўжо, але — дзеці, нашы людзі, дый не самыя дурныя з іх. Берасцейцы абураныя відавочнымі і цынічнымі падтасоўкамі падчас выбараў і спробамі ўладаў зноў усё замазаць.

Бліжэй да паўночы зноў гучалі сірэны, ехалі спецаўтамабілі… Заўтра будуць зводкі з палёў бою з міліцыянтамі, як з франтоў вайны. Спакой нам трэба, але ж не шляхам гвалту над уласным народам.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: