У Брэсце зноў забаранілі акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу

Актывісты падавалі сем заявак на пікеты — усе яны былі адхіленыя, паведамляе Белсат.



Ініцыятыўная група супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу прасіла ўлады даць дазвол на правядзенне 22, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 чэрвеня пікетаў у цэнтры гораду на бульвары Шаўчэнкі. Але ў чарговы раз група атрымала адмову. Намеснік старшыні гарвыканкаму Вадзім Краўчук спасылаецца на забарону правядзення масавых мерапрыемстваў у цэнтры гораду і адзначае, што ў Берасці ўстаноўлены месцы для правядзення падобных акцый.

Адзначым, што такіх месцаў толькі два, і абодва знаходзяцца на ўскрайку гораду. У той жа час улады не забараняюць у цэнтры гораду праводзіць ініцыяваныя імі мерапрыемствы. Як і не перашкаджалі 1 траўня праезду па цэнтры гораду байкераў з мотаклубу «Начныя ваўкі» і шэсцю камуністаў.

Заўважым, што з мноства пададзеных у гарвыканкам заявак на правядзенне масавых мерапрыемстваў супраць акумулятарнага заводу задаволена была толькі адна – на правядзенне мітынгу «Берасцейскі супраць свінцу». Мітынг прайшоў у парку воінаў – інтэрнацыяналістаў і сабраў каля двух тысячаў чалавек.


Чытайце таксама: У Бярэсці з'явіўся новы пратэставы прынт. Фотафакт.


«Улады баяцца вулічнага пратэсту супраць акумулятарнага заводу. Наш пратэст усімі сіламі спрабуюць адвесці з вуліцы і схаваць далей ад вачэй берасцейцаў. Гэтая забарона груба парушае наша права на свабоднае выказванне сваіх поглядаў. Мы будзем абскарджваць яго ў судзе і затым у Камітэце ААН па правах чалавека«, – заявіў праваабаронца Раман Кісляк.

Жыхары Берасця ўжо паўгода дамагаюцца прыпынення будаўніцтва акумулятарнага заводу побач з горадам. Улады будаўніцтва патэнцыйна небяспечнай вытворчасці не спыняюць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!