У Брэсце пачаліся суды за карагод і масавыя беспарадкі

У Брэсце 15 лютага пачаліся два вялікія судовыя працэсы за пратэсты-2020, перадае «Белсат». У тым ліку судзяць удзельнікаў «карагоднай справы».
Брэст 10 жніўня

Брэст 10 жніўня

У судзе Маскоўскага раёна судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. На лаве падсудных 10 чалавек: Віталь Бандарэнка, Сяргей Гацкевіч, Аляксандр Драздоў, Сяргей Крыўчэня, Ілля Мігно, Ягор і Віталь Пракапчук, Цімур Рызапур, Сяргей Салоха, Дзяніс Хазей. Усяго па гэтай справе праходзіць больш за 60 чалавек. Усіх абвінавачваюць па ч. 2 артыкула 293 КК (удзел у масавых закалотах). Карэспандэнты паведамляюць, што міліцэйская ахова на гэтым працэсе паводзяць сябе вельмі нахабна, не даюць здымаць журналістам нават у калідоры. Частка людзей не здолела трапіць у залу.

З 10 абвінавачаных шэсць з'яўляюцца палітзняволенымі, якія ўтрымліваюцца пад вартай у брэсцкім СІЗА-7, удакладняе «Вясна».

Па інфармацыі брэсцкай «Вясны», астатніх абвінавачаных будуць судзіць пазней, іх справа вынесеная ў асобную вытворчасць.

Справу разглядае суддзя Вера Філонік. Як перадаюць брэсцкія праваабаронцы, на суд не патрапіла каля 20 чалавек. Прычына — «не хапіла месцаў». Пры гэтым не патрапілі нават некаторыя сваякі: для тых, хто знаходзяцца пад вартай, устанавілі ліміт — «1 сваяк».

Паралелльна ў судзе Ленінскага раёна пачалі судзіць другую частку фігурантаў так званай «карагоднай справы». Віна людзей толькі ў тым, што 13 верасня яны танчылі ў карагодзе на скрыжаванні праспекту Машэрава і бульвараў Касманаўтаў ды Шаўчэнкі ў Брэсце. Ім выстаўлена абвінавачанне паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Сёння пачаўся працэс над Арцёмам Арцецкім, Змітром Абрамуком, Змітром Буневічам, Зміцтром Качуркам, Сяргеем Наліўкам, Генадзем Місютам, Уладзімірам Талатынікам, Аляксеем Бараноўскім, Паўлам Брухам і Валянцінай Жукоўскай.

Для першай часткі фігурантаў гэтай справы пракурор запрасіў ад 1,3 гадоў хатняй хіміі да 2 гадоў калоніі. Вырак для іх будзе агучаны 25 лютага.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: