У Брэсце пачаўся закрыты суд над «аднаногім тэрарыстам», інвалідам 2-й групы, фігурантам «справы Аўтуховіча»

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 12 траўня распачаўся крымінальны працэс над баранавіцкім актывістам, фігурантам так званай «справы Аўтуховіча» 60-гадовым Уладзімірам Гундарам.

Уладзімір Гундар


Як паведаміла Свабодзе жонка падсуднага, судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме. На працэс не змаглі трапіць нават родныя актывіста. У будынак суда на праспекце Машэрава 8, яе не пусцілі нават да дзвярэй залі, таму яна стаіць на вуліцы. Бачыла, як на працэс прыехалі сведкі.

Уладзіміра Гундара судзяць праз абвінавачанне ў «гвалце або пагрозе гвалту да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі».

Паводле следства, 30 снежня (у гэты дзень былому «афганцу», інваліду 2-й групы Уладзіміру Гундару прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму») падчас ператрусу ў хаце Гундар нібыта пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон.

Па словах жонкі актывіста Алены, гэты эпізод вылучылі ў асобную справу. Пасля чаго Гундару выставілі абвінавачанне паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак). Паводле гэтага артыкулу Уладзіміру Гунадару пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Па словах Алены, віны яе муж не прызнае.

60-гадовы баранавіцкі актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар, як і іншыя фігуранты справы аб падрыхтоўцы тэракту Мікалаем Аўтуховічам і Вольгай Маёравай, некалькі месяцаў правеў у СІЗА КДБ. Аднак на пачатку красавіка яго перавялі ў Брэсцкае СІЗА №7. Адтуль праз свае нешматлікія лісты ён паведаміў жонцы, што менавіта ў Брэсце над ім адбудзецца суд паводле арт. 366 КК.

Уладзімір Гундар некалькі гадоў таму перанёс складаную аперацыю. Яму ампутавалі нагу, ён мае гіпертанію і судзіннае захворванне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрымання праваахоўнікі прымусілі яго зняць. У турме Гундар вымушаны перасоўвацца на мыліцах.

Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 снежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены спіс арганізацый і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, з’явіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у яго «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Гэта святар Сяргей Разановіч, яго жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: