У Брэсце праціўнікі будаўніцтва завода плануюць стварыць грамадскае аб'яднанне

На плошчы Леніна ў Брэсце ў нядзелю, 17 сакавіка, у чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць на плошчы кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
racyja.com

racyja.com

Па ацэнцы праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, сёння на плошчы знаходзілася каля 120 чалавек.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі заяву старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса 14 сакавіка на брыфінгу ў Брэсце аб тым, што прапрацоўваецца пытанне стварэння дзяржаўна-грамадскай групы экалагічнага кантролю за дзейнасцю акумулятарнага завода.

Актывіст Дзмітрый Бекалюк назваў гэтую заяву «чыстай вады папулізмам», мэта якога — «знізіць напал пратэсту».

Паводле яго слоў, чыноўнікі спасылаюцца на станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і запэўніваюць, што «ўсё будзе добра». «Мы просім паказаць гэты дакумент, але яго да гэтага часу не далі грамадскасці, насуперак патрабаванню заканадаўства», — заявіў ён. Разам з тым, адзначыў актывіст, нацыянальная сістэма маніторынгу стану навакольнага асяроддзя у 2018 рэгулярна выяўляла перавышэнне выкідаў свінцу на прадпрыемстве па перапрацоўцы свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй і вытворчасці марачнага свінцу і сплаваў «Белінвестторг-Сплаў» у Белаазёрску. Яно ўваходзіць у групу кампаній ПАК, у якую таксама ўваходзіць ТАА «АйПауэр», якая будуе пад Брэстам акумулятарны завод.

У сваю чаргу жыхарка Брэста Таццяна Фесікава адзначыла, што станоўча ставіцца да стварэння такой групы, паколькі, паводле яе слоў, гэта дасць магчымасць «хоць бы пабываць на гэтым заводзе і паглядзець яго». Яна нагадала, што цяпер актывістаў не пускаюць на прадпрыемства.

Фесікава таксама паведаміла, што ў планах актывістаў стварэнне ў Брэсце экалагічнага грамадскага аб'яднання, якое будзе займацца праблемай акумулятарнага завода і аналагічных прадпрыемстваў у Белаазёрску і Пінску.

Як заяўлялі ўдзельнікі сустрэчы, яны не вераць, што завод закрыюць нават у тым выпадку, калі будуць пацверджанні перавышэнняў шкодных выкідаў. Тым не менш, праціўнікі заявілі, што ўсё адно працягнуць дамагацца закрыцця гэтага небяспечнага для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей прадпрыемства.

Прыкладна ў 12.40 прысутныя пакінулі плошчу і зноў прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра «Беларусь». Тут яны пастаялі некаторы час, пагаварылі і разышліся. Сустрэча завяршылася без інцыдэнтаў.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА «АйПауэр» вядзецца на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.

Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

31 кастрычніка 2018 года прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што засцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода некалькі перабольшаныя.

У студзені 2019 года Брэсцкі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода. 18 лютага ў суд Ленінскага раёна Брэста пададзеная скарга на адмову ў рэгістрацыі групы.

20 лютага падчас падчас прэс-тура галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Дубнавіцкі заявіў, што выпуск доследнай партыі акумулятараў запланаваны на сакавік гэтага года.

Грамадская кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 75 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю — 29 красавіка мітынг «брэстчанкі супраць свінцу», на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!