У Брэсце рыхтуюцца запусціць акумулятарны завод

Раней Аляксандр Лукашэнка абяцаў, што лёс прадпрыемства, якое стала скандальным яшчэ на стадыі будаўніцтва, вырашаць на мясцовым рэферэндуме.
Падчас пасяджэння гаспадарчага актыву Брэста нядаўна прызначаны старшыня мясцовага аблвыканкама Юрый Шулейка распавёў журналістам 1 сакавіка, што пусканаладачныя работы на акумулятарным заводзе каля Брэста выйшлі на завяршальную стадыю, а прадпрыемства будзе знаходзіцца «на жорсткім экалагічным кантролі» ўлад.

Дазвол на шкодныя выкіды

Шулейка заявіў пра гэта пасля таго, як стала вядома, што рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы выдаў заключэнне аб адпаведнасці пабудаванага завода патрабаванням экалагічнай бяспекі.

Паводле слоў старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Яна Вянсковіча, яшчэ ў красавіку мінулага года прадпрыемству выдалі дазвол на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. «Мы адсочвалі захаванне нарматываў дапушчальных выкідаў: было праведзена 146 адбораў спроб і вымярэнняў, а перавышэнняў выкідаў ні па свінцы, ні па сернай кіслаце не выявілі», — паведаміў Ян Вянсковіч.

Ён дадаў, што камітэт прыродных рэсурсаў працягвае весці маніторынг падчас пусканаладачных работ на акумулятарным заводзе да выхаду прадпрыемства на праектную магутнасць.

Пратэст даўжынёй у тры гады

Пра дакладныя тэрміны ўводу гэтага завода ў эксплуатацыю брэсцкія ўлады кажуць вельмі асцярожна. Першапачаткова прадпрыемства па вытворчасці акумулятарных батарэй павінна было пачаць працу яшчэ ў 2018 годзе, аднак дата неаднаразова змянялася, і цяпер неафіцыйна называюць сакавік-красавік гэтага года.

Прычынай адтэрміновак сталі пратэсты жыхароў Брэста і прылеглых вёсак, якія настойваюць: акумулятарны завод будаваўся са шматлікімі парушэннямі, нясе пагрозу здароўю людзей і навакольнаму асяроддзю. Барацьба супраць экалагічна небяспечнай вытворчасці вядзецца на працягу трох гадоў і да пачатку прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі мінулым летам была адным з самых запамінальных пратэсных рухаў у краіне.

Жыхарам Брэста і актывістам экалагічных арганізацый атрымалася дамагчыся таго, што мясцовыя ўлады прыпынілі будаўніцтва завода да ліквідацыі недахопаў. Больш за тое, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук прызнаўся, што «акумулятарны завод — самы вялікі гемарой для горада».

Яшчэ адной важнай асаблівасцю пратэстаў стаў той факт, што прадпрыемства вымушана было змяніць гаспадароў. Сярод новых уладальнікаў аказаўся Дзмітрый Баскаў — трэнер хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі і цяперашні кіраўнік федэрацыі хакея Беларусі.

Рэферэндум абяцаны і забыты

Сам Лукашэнка таксама не абышоў увагай вострую для Брэста тэму. Наведваючы гэты горад падчас выбарчай кампаніі летам 2020 года, ён заявіў, што гатовы правесці першы ў Беларусі мясцовы рэферэндум, на якім вырашаўся б лёс завода.

«Мы прынялі рашэнне. Хай вырашаць жыхары. Па акумулятарным як вырашыце, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю. Я займу нейтральную пазіцыю, арганізую рэферэндум», — сказаў тады Лукашэнка, размаўляючы з актывістамі.

Аднак абяцанне так і не было выкананае. На фоне масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка гэтае пытанне больш не каментаваў, а мясцовыя ўлады і адміністрацыя завода (ТАА «Акумулятарны Альянс») лічаць яго неактуальным. На думку дырэктара прадпрыемства Дзмітрыя Бутава, «для людзей тэма рэферэндуму нецікавая: ім цікава паглядзець завод і што там унутры, каб ён быў бяспечным».

У выніку кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама адмяніла ўласнае распараджэнне аб прыпыненні будаўніцтва завода, а «Акумулятарны Альянс» атрымаў неабходныя дакументы для правядзення пусканаладачных работ.

Заводу тут не месца

З такім ходам падзей пагадзіліся не ўсе. Як распавёў DW праваабаронца Раман Кісляк, у Цельмінскім сельсавеце (на яго тэрыторыі ў прыгарадзе Брэста і пабудаваны завод) сфарміравана ініцыятыўная група па правядзенні мясцовага рэферэндуму і пададзены дакументы на яе рэгістрацыю. Такая ж ініцыятыўная група ствараецца і ў Брэсце.

«Усе гэтыя людзі гатовыя працягваць барацьбу, — запэўнівае Кісляк. — У мінулым годзе падрыхтоўку да рэфэрэндуму давялося адкласці спачатку з-за сітуацыі ў краіне пасля выбараў, а потым пасля пагаршэння сітуацыі з каронавірусам».

Актывісты па-ранейшаму перакананыя, што знаходжанне акумулятарнага завода на цяперашняй тэрыторыі можа прывесці да экалагічнай катастрофы. «Мы не супраць самой вытворчасці, але не хочам, каб яна размяшчалася ў такім месцы, дзе побач — бальніцы, санаторыі, пашы, цяпліцы», — кажа брэстаўчанка Ніна.

Праціўнікі прадпрыемства нагадваюць, што, згодна з планамі, якія былі вынесены на грамадскае абмеркаванне, пад Брэстам павінны былі пабудаваць завод па вытворчасці 1 мільёна свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй у год. Аднак ужо цяпер кіраўніцтва ТАА «Акумулятарны Альянс» заяўляе, што мае намер выпускаць удвая больш.

Не забыліся актывісты і запэўніванні прадстаўнікоў завода, што выкіды свінцу складуць не больш за 3 кілаграмы ў год, хоць падобных паказчыкаў няма ні ў аднаго аналагічнага прадпрыемства ў свеце. Аднак мясцовыя ўлады не прымаюць довады заклапочаных грамадзян, пераконваючы іх, што павышанага ўтрымання шкодных рэчываў у паветры, глебе і вадзе каля акумулятарнага завода няма і не прадбачыцца.

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: